Песні Акуліна выйшлі на CD
2 лютага адбудзецца прэзентацыя альбому Эдуарда Акуліна “Песні залатой Крывіі”, перавыдадзенага на кампакт-дыску.
Кажуць, што касетныя варыянты двух альбомаў Эдуарда Акуліна разышліся ў народ проста вялізнымі накладамі. Ад часу выдання аднаго з іх — “Мая Крывія” прайшло ўжо 13 год. З таго часу гэты выканаўца сапраўды ўвайшоў у пачэсныя бардаўскія шэрагі і шануецца не менш за Алеся Камоцкага ці Сяргей Сокалава-Воюша. Тым і тлумчыцца ініцыятыва выдаўцоў дыску пад назвай “Песні залатой Крывіі” выдаць яго ў серыі “Беларускі музычны архіў”.
Сам Э. Акулін кажа, што гэта настолькі пачэсна, што раней ён і марыць ня смеў пра такі гонар: “Менавіта ў гэтай пашанотнай серыі да мяне выйшлі дыскі такіх славутасцяў, як Забэйда-Суміцкі і Равенскі, песні на вершы Ларысы Геніюш, альбомы Сокалава-Воюша і Данчыка… Вядома ж я згадзіўся на прапанову перавыдаць свае альбомы на дыску!”.
Пры гэтым ён зазначае, што праца над “Песьнямі залатой Крывіі” зацягнулася ажно на год: “Але можа тое і да лепшага, бо дыск быў гатовы на Каляды — добры святочны падарунак і мне, і маім прыхільнікам”.
На “Песні…” змесцілася ажно 37 трэкаў, у тым ліку вядомыя “акулінскія” хіты “Гэта мы!”, “Зорка Максіма”, “Амур і сумны і прыгожы” (на верш Багдановіча). Гэта матэрыял двух альбомаў — згаданай ужо “Маёй Крывіі” (1995) і “Як яна і я” (2000). І калі песні з альбома сямігадовай даўніны яшчэ захаваліся ў прыстойнай якасці, то некаторыя першыя кампазіцыі Эдуарда ўратаваць не ўдалося:
“Пяць песень давялося перапісаць наноў, бо запіс на касетах недаўгавечны, — апавядае бард. — Каб не расчараваць сваіх прыхільнікаў я пайшоў на гэты крок. Некаму свежыя запісы вядомых ужо песень спадабаліся яшчэ болей, а нехта выказаў свае заўвагі. Вітаўт Мартыненка вось сказаў, што нельга ўвайсці двойчы ў адну і тую ж раку, бо ранейшы запіс меў іншую энергетыку. Магчыма, тут ёсць нейкая рацыя”.
2 лютага. 18:00. Мінск. Чырвоны касцёл
Творчая вечарына Эдуарда Акуліна з прэзентацыяй альбома “Песні Залатой Крывіі”
У імпрэзе бяруць удзел: Алесь Камоцкі, Ніл Гілевіч, Вольга Іпатава, Леанід Дранько-Майсюк, Кастусь Герашчанка, Анатоль Мяльгуй, Віталь Супрановіч ды іншыя
Уваход вольны. Даведкі: (029) 649-08-88.
Паводле “Тузін Гітоў” (music.fromby.net)
|