“У мяне цяпер такое адчуванне, што я згублены чалавек”

У суботу прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч правёў першы дзень у родным Ваўкавыску. 18 студзеня яму замянілі зняволенне на папраўчыя работы па месцы жыхарства, і ён змог вярнуцца дахаты.

М. Аўтуховіч стварыў у Ваўкавыску прыватную службу таксі. Ён быў асуджаны на тры з паловай гады па абвінавачанні за няўплату падаткаў у асабліва буйным памеры і за ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі, без атрымання ліцэнзіі.

За кратамі прадпрымальнік прабыў крыху больш за два гады. Ён прызнаўся, што яшчэ не можа прыйсці да сябе, не верыць яшчэ, што на свабодзе, бо ўжо адвык ад яе: “Калі чалавек ходзіць два гады туды-сюды па клетцы, то потым, апынуўшыся на свабодзе, ён папросту губляецца. У мяне цяпер такое адчуванне, што я згублены чалавек, што я згубіўся”.

Да свабоды трэба прывыкнуць, кажа Аўтуховіч. Што да здароўя, то ён мае невялікія праблемы і збіраецца да дактароў. Па ўмовах змякчэння пакарання ён павінен будзе працаваць, частку заробку будуць вылічваць. Сёння ён пойдзе ў міліцыю, каб урэгуляваць гэтае пытанне. Папярэдне ў яго ёсць папера аб магчымасці працаваць у транспартнай фірме “Ніка-транс”.

Мікалай Аўтуховіч ведае, што прадпрымальнікі 21 студзеня маюць пратэставаць супраць указу №760. “Я стаўлюся да гэтага станоўча, правільна робяць, што абураюцца. У прынцыпе мяне і пасадзілі за тое, што я рабіў тое ж самае, што яны цяпер робяць, толькі я тады рабіў адзін, - сказаў былы вязень. – Я кажу: я быў адзін тады, а цяпер іх многа, я думаю, усіх не перасаджаюць, таму трэба ісці да перамогі. Прыйдзецца мяняць нейкія рашэнні, ва ўлады проста няма іншага выйсця”.

Праблемы сп. Аўтуховіча пачаліся пасля таго, як дэкрэтам №4 у 2003 г. прадпрымальнікам было забаронена наймаць больш за тры чалавекі, інакш трэба было ствараць фірму. Сёння, як вядома, гэтая ўмова зноўку зменена: можна наймаць на працу толькі сваякоў або ствараць прадпрыемства. Аўтуховіч у свой час мусіў пакінуць у сябе трох чалавек, астатнія кіроўцы, што працавалі на ягоных таксоўках, перайшлі ў іншую фірму. У гэтай фірме ён стаў іх наймаць. Суд палічыў гэта незаконным, і прадпрымальніка зняволілі. Была сканфіскаваная палова ягонай маёмасці, але яму пакінулі дом, аўтабазу, трынаццаць таксовак.

М. Аўтуховіч распавёў: “Мяне людзі ўсе падтрымлівалі, усе чакалі. Вельмі цёпла сустрэлі, я, дарослы чалавек, мужчына, але праслязіўся. Так атрымалася, для іх я быў дырэктарам, лідэрам, яны ўсе прыслухоўваліся да маёй думкі, і цяпер кажуць: як скажаш, так і будзем рабіць. Ім патрэбны быў лідэр, а так яны проста плылі па цячэнні. Не збіраюся нікому гэтага дараваць. Калі я нічога не парушыў, у мяне нічога не павінны забіраць, і я не павінен быў сядзець у турме”.

Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў