Ветэранам і афганцам вярнулі льготы на праезд

Гэта адбылося дзякуючы міжурадаваму пагадненню, якое ў 1993 г. у Маскве падпісаў Вячаслаў Кебіч. Пагадненне аказалася больш значным за закон аб ільготах, і цяпер ветэранам і афганцам ізноў можна ездзіць бясплатна на гарадскім, прыгарадным і нават чыгуначным транспарце.

Па словах дырэктара агенцтва “Мінсктранс” Васіля Лаўрыновіча, кіраўнікам усіх філіялаў прадпрыемства прыйшло тлумачэнне, што нават ветэраны і афганцы з краін СНД маюць права бясплатна ездзіць у Беларусі.

Васіль Лаўрыновіч кажа: “Звяртаем вашу ўвагу на выкананне дзеючага пагаднення аб узаемным прызнанні правоў на льготны праезд інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыроўненых да іх”.

Гэта міжнароднае пагадненне было падпісана 12 сакавіка 1993 г. у Маскве кіраўнікамі ўрадаў краін СНД. У гэты час беларускім урадам кіраваў Вячаслаў Кебіч.

Па словах В. Лаўрыновіча, цяпер міжурадавае пагадненне, падпісанае Кебічам амаль 15 гадоў таму, мае большую вагу, чым закон Беларусі аб ільготах: “Нормы пагаднення прадугледжваюць больш шырокія льготы на праезд для паказаных у пагадненні асобаў, чым нормы Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзянаў”.

Такім чынам, згодна з міжурадавым пагадненнем, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама воіны?інтэрнацыялісты ў адпаведнасці з Дадаткам 3 маюць права на бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце. І гэта нягледзячы на тое, што закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах” забраў у ветэранаў такое права.

Дарэчы, згодна з пагадненнем, ільготным праездам могуць карыстацца і тыя, хто суправаджае інвалідаў вайны. Самае галоўнае, што гэтая інфармацыя ўжо даведзена да транспартнікаў і чыгуначнікаў.

У 2007 г. у Беларусі пражывала каля 65 тысяч ветэранаў ВАВ, з іх 15 тысяч чалавек – інваліды ВАВ І і ІІ груп. Паводле закону аб ільготах, ільготы пакідаліся толькі інвалідам. Цяпер усе 65 тысяч ветэранаў змогуць ездзіць бясплатна. На сённяшні дзень у Беларусі жыве 21 тысяча воінаў-афганцаў, яны таксама маюць права на бясплатны праезд.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)

‹‹ на галоўную | у архіў