Мэла Гібсана і Клінта Іствуда пераклалі на беларускую мову

Нядаўна ў продажы з’явіліся тры новыя фільма на DVD, якія могуць падацца цікавымі не толькі аматарам беларускамоўнага відэа, але і аматарам беларускіх музычных гуртоў. Размова вядзецца пра фільмы “Aпакаліпсыс” Мэла Гібсана, “Лісты з Івадзімы” Клінта Іствуда ды “Тлум” Алехандра Ганзалеса Ін’ярыту.

Справа ў тым, што меню да дыскаў шчодра прыпраўленае ўрыўкамі з песень беларускіх выканаўцаў, а таксама прывітаннямі і жартамі музыкаў.

Некаторыя з іх былі запісаныя адмыслова: напрыклад, фрагмент агучкі “Піратаў Карыбаў” Хацонам – удзельнікам праекту “Саша і Сірожа”, а таксама два трэка Лявона Вольскага: адзін вітае аматараў напою і гурту “Крамбамбуля”, а другі анансуе выхад апошняга “N.R.M.”-аўскага альбома “06”. Іншыя ўзятыя наўпрост з трэкаў такіх выканаўцаў, як Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Саша і Сірожа, Віктар Шалкевіч ды яшчэ і ўкраінскіх “Вопляў Відаплясава”.

На вышэйзгаданых DVD-дысках гучаць фрагменты, напрыклад “Падводнай лодкі” ад “N.R.M.”; “Дзень нараджэння” ад “Крамбамбулі”; “Карамбы” ад “Garadzkija” і Піта Паўлава; “Збіраючы лісце чайнае” ад Зм. Вайцюшкевіча ды А. Памідорава ды інш. З замежных гуртоў на дысках гэтаксама прадстаўленыя латышскія “Brainstorm”, амерыканскія “Red Hot Chili Peppers”, расійскі “Сплин”.

Гэткае “музычнае вычварэнства”, на думку стваральнікаў, дапаможа гледачам крыху прыўзняць настрой – без розніцы, да альбо пасля прагляду ўласна фільму. Прычым варта заўважыць, што некаторыя з іх былі наўмысна “схаваныя” ад гледача, то бок зробленыя ў выглядзе “адмысловых пастак” — напрыклад, націсканне пэўных кнопак (падказка: найчасцей, гэта кнопка “Назад” на некаторых узроўнях меню).

Сярод іншых цікаўнасцяў на дысках можна знайсці трэйлеры фільмаў, якія будуць агучаныя на беларускую мову.

Удзельнікі творчага згуртавання “Дзіўноты і памароцтвы”, выдаўца беларускамоўных версіяў трох згаданых фільмаў, задаволеныя эфектам, які быў дасягнуты гэткім ноў-хаў у выданні DVD на Беларусі. Наступныя дыскі плануецца выдаваць у такім самым рэчышчы. На чарзе “300 спартанчукоў” (асноўны трэк — “Беларусь будзе вольнай!” — “Таv.Mauzer”), “Вакацыі спадара Біна” (там цалкам руляць “Саша і Сірожа”), “Чорная котка, белы кот” Эміра Кустурыцы (таксама “Саша і Сірожа”), а таксама дацкі мультфільм для дарослых “Прынцэса” (Руся і гурт “Indiga”) і дзіцячы мультфільм “Тарзан” (Зм. Вайцюшкевіч ды іншыя).

Нагадаем, што творчае згуртаванне “Дзіўноты і памароцтвы” запрасіла да працы над агучкай на беларускую мову трылогіі “Піраты Карыбаў” шэраг вядомых беларускіх рок-выканаўцаў. На дадзены момант незапісаным застаўся толькі адзін удзельнік агучкі — саліст “Ляпісаў”. Як толькі ў яго з’явіцца пару гадзінаў вольнага часу, адзін за адным у свет выйдуць доўгачаканыя фільмы пра карыбскіх піратаў па-беларуску.

Паводле “Тузін Гітоў” (www.music.fromby.net)

‹‹ на галоўную | у архіў