Выйшаў “Беларускі праваслаўны каляндар на 2008 год”
Свет пабачыў “Беларускі Праваслаўны Каляндар на 2008 год”, падрыхтаваны Брацтвам у гонар Віленскіх мучанікаў і выдавецтвам Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Мінска.
Традыцыйна Каляндар змяшчае акрамя падрабязных богаслужбовых каментарыяў трапары, кандакі і задастойнікі двунадзесятым святам у перакладзе на беларускую мову, а таксама трапары і кандакі святым зямлі Беларускай на царкоўнаславянскай і беларускай мовах. Імёны беларускіх святых у Календары выдзелены тлустым шрыфтам, паколькі паводле рашэння Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў дзень памяці ім належыць служыць усяночнае трыванне.
Адзін з тэматычных раздзелаў Календара прысвечаны 1015-годдзю Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Кароткі ілюстраваны нарыс знаёміць чытачоў з сучасным жыццём нашай Царквы праз разнастайныя напрамкі яе дзейнасці.
13/26 лютага 2008 г. спаўняецца 400 гадоў памяці дабравернага князя Канстанціна (у Хрышчэнні Васілія) Астрожскага – слыннага асветніка і абаронца Праваслаўя. У дадатковым раздзеле Календара акрамя матэрыялаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці князя Канстанціна, друкуецца ў перакладзе на сучасную беларускую мову яго Пасланне да праваслаўных жыхароў Вялікага княства Літоўскага з палымяным заклікам цвёрда стаяць у Святой Праваслаўнай веры і не спакусіцца згубнымі прынадамі свету гэтага. Словы дабравернага князя звернуты і да нас, якія пакліканы захаваць неацэнны скарб веры і перадаць яго нашчадкам з роду ў род.
Набыць Каляндар можна ў кніжнай лаўцы Свята-Петра-Паўлаўскага сабора па адрасе: 222004 г. Мінск, вул. Ракаўская, 4, або ў Брацтве (тэл. у Мінску 226-98-15).
Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|