Прадпрымальнікі выйдуць на вуліцы 21 студзеня а 12 гадзіне

21 студзеня а 12 гадзіне прадпрымальнікі зноў выйдуць на Кастрычніцкую плошчу. Гэтым разам яны маюць намер пратэставаць не толькі супраць дыскрымінацыйнага ўказу №760, але і ў адказ на неапраўдана жорсткую рэакцыю ўлад на акцыю пратэсту 10 студзеня.

Паводле слоў лідэра кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, “10 студзеня людзі, сабраўшыся на Кастрычніцкай плошчы, спадзяваліся пачуць нейкую пэўную аргументацыю ад улад з нагоды такой непахіснай пазіцыі па ўказе №760 або, як мінімум, адказ на пытанне, як ім жыць у гэтых умовах далей. Але ўлада адказала рэпрэсіямі, арыштамі лідэраў прадпрымальніцкага руху, пагрозамі ліквідацыі прадпрымальніцкіх структур. Таму сёння было пацверджанае рашэнне, прынятае людзьмі на Плошчы – 21 студзеня а 12 гадзіне мы павінны зноў выйсці на Кастрычніцкую плошчу”.

Ён паведаміў, што ў рэгіёнах у гэты дзень таксама пройдуць акцыі пратэсту. “У адсутнасць большасці лідэраў, якія знаходзяцца за кратамі, цяпер рэгіянальныя структуры самі сталі выказваць ініцыятыву на месцах і прымаць рашэнні, як пра ўдзел у акцыях пратэсту, так і пра працяг страйку – у шэрагу месцаў страйк працягнецца да вызвалення ўсіх удзельнікаў”, – сказаў Гарбачоў.

Лідэр прадпрымальнікаў таксама пацвердзіў інфармацыю пра тое, што з 1 лютага страйк прадпрымальнікаў будзе працягнуты. “Цяпер некаторыя з тых, хто страйкуе, выказалі намер выйсці на працу на тыдзень–другі. Але тут рашэнне прымаецца на ўзроўні рэгіянальных структур, а часам і асабіста кожным. Бо раней гаворка ішла пра двухтыднёвы страйк з 1 да 15 студзеня. Аднак цяпер мы дамовіліся пра працяг ужо бестэрміновага страйку з 1 лютага, калі да гэтага часу нічога не змяніцца ў пазіцыі ўлад”, – падкрэсліў Гарбачоў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што праз тыдзень пасля акцыі 10 студзеня з боку ўлад, акрамя непахвальных выказванняў у свой адрас прадпрымальнікі так і не пачулі нічога пэўнага пра свой далейшы лёс, таму ім не застаецца нічога, як дамагацца захавання іх правоў праз акцыі пратэсту. “Мы так і не дачакаліся адказу на пытанне, як дзяржава мае намер вырашаць гэтую праблему. Можа, даведаемся 21 студзеня”, – зазначыў Віктар Гарбачоў.

Лідэр кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” падкрэсліў, што гэтым разам людзі маюць намер патрабаваць не толькі мараторыя на дыскрымінацыйны указ №760, які знішчае практычна ўвесь малы бізнес краіны, але пратэставаць супраць рэпрэсій з боку ўлад па дачыненні да актывістаў прадпрымальніцкага руху, парушэння правоў і свабод у краіне.

Нагадаем, гэта будзе ўжо трэцяя акцыя пратэсту прадпрымальнікаў за апошнія тры месяцы. Акцыі, якія адбыліся 10 снежня і 10 студзеня скончыліся арыштамі лідэраў прадпрымальніцкага руху.

Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)

‹‹ на галоўную | у архіў