Пацыенты туберкулёзнага шпіталя абвясцілі галадоўку
Пацыенты Рэспубліканскага туберкулёзнага шпіталя ў пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёну Гарадзенскай вобласці просяць дапамогі. Яны знаходзяцца ў жахлівых умовах. Кіраўніцтва шпіталя адмаўляецца размаўляць. Сёння цэлы шпіталь адмовіўся ад прыняцця ежы.
Галоўны лекар туберкулёзнага шпіталя Доўгань Мечыслаў Андрэевіч праігнараваў патрабаванні пацыентаў, якія накіравалі да яго калектыўны ліст. Хворыя патрабуюць абаграваць палаты, даць гарачую ваду і прыстойную ежу.
Пацыент туберкулёзнага шпіталя Сяргей Воранаў распавёў: “У нас вялікія праблемы. Справа ў тым, што ў нас у палатах вельмі холадна, мы спім апранутымі. Гарачай вады няма ўвогуле, душ уключаюць два разы на тыдзень. Палаты вельмі брудныя, у памяшканні вільгаць. А ежу, якую нам даюць, нават есці немагчыма. Амаль усе хворыя ходзяць з тэмператураю. Мы ж – туберкулёзнікі, нам трэба мыцца.
Шпіталь стаіць у лесе, але нам нават выйсці на прыроду не дазваляюць. Мы не можам нічога купіць. Большасць тут мужчын, усе кураць, а цыгарэт няма. Жанчыны не могуць пайсці купіць нават неабходныя сродкі гігіены.
Вакол шпіталя ўжо пачалі будаваць плот вышынёю тры мэтры з калючым дротам. Нам паказалі пастанову Міністэрства здароўя, паводле якой нам нельга выходзіць гуляць, бо мы заражаем іншых. Але нам, туберкулёзным, гэта проста неабходна. А тэрыторыя шпіталя да гэтага нават не падрыхтаваная. Нас нават у лес не пускаюць, не кажучы пра тое, каб выйсці ў пасёлак”.
Сяргей Воранаў кажа, што хворыя ня будуць спажываць шпітальную ежу, пакуль кіраўніцтва ня прыме канкрэтных крокаў дзеля паляпшэння ўмоваў шпітальнага жыцця.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)
|