Прынятыя звароты “Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасці”.
Учора, 8 студзеня, адбылося пашыранае пасяджэнне сустаршыняў Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-х угодкаў БНР з кіраўнікамі палітычных партый, рухаў і грамадскіх абя’днанняў. Былі прынятыя звароты да беларускага народу і органаў улады Рэспублікі Беларусь “Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасці”.
У зваротах адзначаецца, што “падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый, усіх грамадзян незалежна ад палітычнай арыентацыі на грунце прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворных пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі”.
Аргкамітэт звярнуўся “да органаў улады краіны з прапановай абвясціць 2008 год – Годам беларускай дзяржаўнасці”.
У накіраваных зваротах да Нацыянальнага Сходу і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выкладзеныя наступныя прапановы:
1. Надаць 2008 году афіцыйны статус Года беларускай дзяржаўнасці.
2. Абвясціць 25 сакавіка дзяржаўным святам.
3. Даць афіцыйны дазвол на ўсталяванне памятных знакаў на будынку тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, дзе праходзіў Першы Усебеларускі кангрэс (1917 г.), і будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР (Мінск, вул. Валадарскага, 9).
4. Вярнуць у заканадаўчае поле і легальны грамадскі ўжытак нацыянальную гістарычную сімволіку і атрыбутыку, якія ў БНР мелі дзяржаўны статус.
5. Міністэрствам культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь рэкамендаваць іх падведамасным установам правесці цягам году тэматычныя заняткі, лекторыі, конкурсы, прысвечаныя Году беларускай дзяржаўнасці.
6. Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь аказаць дапамогу выдавецтвам у выданні навукова-публіцыстычных і мастацкіх твораў, прысвечаных гісторыі БНР і яе дзеячам.
7. Гарадскім і раённым адміністрацыям садзейнічаць у правядзенні ўрачыстых сходаў і юбілейных канцэртаў 25 сакавіка 2008 г.
У звароце да беларускага народу Агульнанацыянальны аргкамітэт заклікае “ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні 90-х угодкаў БНР. Кожная беларуская сям’я – гэта цаглінка ў гмах беларускай дзяржаўнасці, гэта паўнапраўны чыннік і творца яе сучаснай гісторыі”.
Поўны тэкст звароту глядзіце ніжэй.
Зварот да беларускага народу “Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасці”.
Да моманту стварэння прэс-цэнтра Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-х угодкаў БНР з пытаннямі і прапановамі звяртайцеся: zbsb@lingvo.minsk.by, zbsb@tut.by, (029) 632-00-92 (Алена Макоўская), (029) 625-83-78 (Ніна Шыдлоўская).
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|