Рэклама пра беларускамоўныя садкі ў Гродне ўсе яшчэ пад забаронай
З 17 снежня 2007 г. прыклад рэкламы, што павінна была гучаць у тралейбусах, знаходзіцца на ўзгадненні ў Гродзенскім гарвыканкаме.
Што атрымаецца пасля ўзгаднення, а галоўнае – як зменіцца змест рэкламы, бацькоўскі камітэт верагодна даведаецца ў суботу 12 студзеня 2008 г. – менавіта на гэты час запланаваная сустрэча з загадчыкам адзела адукацыі гродзенскага гарвыканкама Сяргеем Блажэем.
Нагадаем, рэкламу ў тралейбусах пра беларускія садкі забаранілі праз некалькі дзён пасля таго, як яе запусцілі.
Па словах прадстаўніка бацькоўскага камітэту Ігара Кузьмініча, ў чаканні дазволу на рэкламу набіраць дзетак было немагчыма, але ж у сем’і тых дзетак, якія ўжо запісаліся ў беларускамоўную групу, прыйшоў Святы Мікалай і кожнаму дзіцяці падараваў невялічкія падарункі.
Гэтыя падарункі сталі магчымыя дзякуючы беларусам з Нью-Ёрку (ЗША), якія ўжо не адно пакаленне захоўваюць беларускую мову і традыцыю далёка ад нашай зямлі.
Паводле радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
|