27 снежня адбылося пасяджэнне Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-годдзя БНР
Учора, 27 снежня, у Мінску на сядзібе Таварыства беларускай мовы, адбылося пасяджэнне Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-годдзя БНР. Удзельнікі абмеркавалі план дзейнасці на 2008 г. і разглядзелі Звароты да беларускай грамадскасці і органаў улады “Аб абвяшчэнні 2008 года – Годам беларускай дзяржаўнасці”.
Большасцю галасоў план дзейнасці быў ухвалены на 2008 год. Звароты да беларускай грамадскасці і органаў улады прынятыя за аснову.
У плане, які распісаны цалкам на ўвесь наступны год, былі вылучаныя пяць накірункаў дзейнасці Аргкамітэту:
- грамадска-палітычны (да прыкладу, плануецца шэраг зваротаў да ўрадаў краін свету з просьбай правесці Дні Беларусі, усталяванне памятных шыльдаў на будынках, дзе праходзіў Першы Усебеларускі сход і дзе была абвешчана БНР),
- інфармацыйны накірунак (да прыкладу, будзе здзейснена падрыхтоўка і публікацыя серыі навукова-гістарычных, публіцыстычных артыкулаў, прысвечаных БНР, яе дзеячам, ролі БНР для сучаснасці; на студзень запланавана правядзенне прэс-канферэнцыі),
- навукова-адукацыйны накірунак (правядзенне навуковых канферэнцый у Мінску, рэгіёнах Беларусі),
- культурна-асветны накірунак (у тым ліку будуць праведзены конкурсы на лепшы мастацкі твор, прысвечаны гістарычнаму шляху беларускай дзяржаўнасці),
- міжнародны (садзейнічанне суполкам беларускай дыяспары ў правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 90-годдзю БНР) .
У звароце да грамадскасці, прынятым за аснову, сказана: “Мы заклікаем усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні 90-ых угодкаў БНР. Кожная беларуская сям’я – гэта цаглінка беларускай дзяржаўнасці, гэта чыннік і творца яе сучаснай гісторыі”.
Да працы Аргакамітэту працягваюць далучаюцца дзеячы, арганізацыі, і суполкі як з Беларусі, так і беларусаў за мяжой.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|