“Прэзідэнтам я бачу Івонку Сурвілу”
Грамадскі рэдактар гэтага тыдня Алена Макоўская скончыла Лінгвістычны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання, на трэцім з’ездзе ў 2001 г. абраная на пасаду старшыні рады міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, пераабраная на наступным з’ездзе ў 2005 г. Штораніцы журналіст Аляксандр Уліцёнак размаўляе са спадарыняй Макоўскай пра розныя аспекты жыцця беларускай эміграцыі. Сёння гутарка пра тое, якія акцыі ёй удаецца наладзіць дзеля пашырэння беларускае прысутнасці ў свеце.
Уліцёнак: “Як беларускія дыпламаты ставяцца да супрацоўніцтва з суполкамі замежных землякоў?”
Макоўская: “У прынцыпе, пры амбасадах мусяць быць адпаведныя спецыялісты. У іх кампетэнцыю варта перадаць менавіта спецыфічныя пытанні ўзаемадзеяння з дыяспарай. Тады ўзмацніцца рэальная дапамога беларускім асяродкам.
Зараз ідзе змена пакаленняў, шмат тых, хто пакідае гэты свет. Пасля іх застаюцца найкаштоўнейшыя архівы, кнігі. Як грамадская арганізацыя, “Бацькаўшчына” не ў стане пераправіць іх у Беларусь, забяспечыць захаванасць – не стае ані сродкаў, ані адпаведнага інструментарыю.
Мяркуем, найперш тое клопат беларускіх амбасадаў – захаванне часткі нашай культуры і нашай гісторыі ў замежжы. Яны мусяць рупіцца пра гэта, як і пра стварэнне музеяў, захаванне беларускай прысутнасці ў свеце”.
Уліцёнак: “У такім разе узгадайце, калі ласка, нейкія акцыі непасрэдна “Бацькаўшчыны” на падтрымку замежных землякоў?”
Макоўская: “Хоць бы суд у 2006 г. над беластоцкай газетай “Ніва”. За яе падтрымкай мы і звярнуліся да беларускіх асяродкаў у свеце. Журналісты і польскія ўлады былі вельмі ўражаныя тым, што ў выніку тая нібыта лакальная справа атрымала фактычна сусветны рэзананс. Шмат у чым дзякуючы гэтаму газета і выстаяла.
Уліцёнак: “Ці можна праводзіць нейкія паралелі з тым, што адбываецца ў суседзяў? У Латвіі і Літве дыяспара адыграла значную ролю ў станаўленні незалежных дзяржаваў, нават прэзідэнтамі там сталі эмігранты: Вайра Віке-Фрэйберга і Валдас Адамкус. Ну а такі вядомы ў Беларусі прадстаўнік БНР як Зянон Пазьняк мае шанцы на паўтор іхнага досведу?”
Макоўская: “Не ведаю, ці лічыць сам З. Пазьняк сябе эмігрантам. Ну а наколькі рэальны згаданы вамі варыянт, мне сказаць цяжка… Аднак, калі зноў ж браць за прыклад іншыя дзяржавы, то я б, напэўна, бачыла на чале дзяржавы іншага чалавека з беларускай дыяспары – Івонку Сурвілу”.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.by)
|