Артуру Фінькевічу далі 1,5 гады

20 снежня Артура Фінькевіча пакаралі зняволеннем на паўтара года за парушэнні правілаў унутранага распарадку падчас адбыцця пакарання на “хіміі” за палітычныя графіці. Паводле прысуду Артур мусіць адбыць яшчэ 15 дзён зняволення, якія ён не даседзеў на “хіміі”, бо яго ўзялі пад варту перад самым заканчэннем тэрміну пакарання. Прысуд А. Фінькевічу будзе абскарджвацца ў вышэйшых інстанцыях. Не менш за месяц хлопец правядзе ў следчым ізалятары.

А. Фінькевіч знаходзіцца ў тым самым Магілёўскім следчым ізалятары, дзе яго трымалі да суду. У СІЗА ён не ўпершыню. Летась у студзені падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ён трапіў за краты за палітычныя графіці. Тады яго пакаралі двума гадамі абмежавання волі і накіравалі ў Магілёўскую спецкамендатуру.

Там яму, у адрозненне ад іншых асуджаных, часта па некалькі дзён забаранялі пакідаць інтэрнат. За спазненне з працы на 13 хвілінаў супрацоўнікі камендатуры выносілі папярэджанні. Між тым дастаткова атрымаць тры папярэджанні за парушэнні правілаў распарадку, каб суд замяніў умовы адбыцця пакарання на больш жорсткія. Назіральнікі адзначаюць, што на практыцы за такія дробныя парушэнні нікога звычайна не прыцягваюць да судовай адказнасці.

Павал Севярынец лічыць, што грамадзкасці трэба прыкласці максімум намаганняў, каб Артур Фінькевіч хутчэй апынуўся на волі.

Артурава маці Марыя Фінькевіч вельмі непакоіцца за стан здароўя сына. Увечары перад судом яму выклікалі медыкаў. У дзень суду яму стала кепска, і суддзя выклікала хуткую. Пасля ўколу Артур працягваў даваць паказанні.

Цяпер у А. Фінькевіча новы адвакат. Яна пачала знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, каб падаць касацыйную скаргу ў Магілёўскі гарадскі суд.

Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў