Скаўты прывезлі ў Віцебск Віфлеемскі агонь

У віцебскім Свята-Успенскім храме віталі скаўтаў, якія прывезлі на Беларусь святы агонь з Віфлеемскай базылікі Раства Хрыстова.

Ужо чацвёрты год Віфлеемскі агонь запальваецца ў віцебскіх цэрквах і касцёлах дзякуючы міжнароднаму праекту “Віфлеемскі агонь міру і сяброўства”.

Акцыя, падчас якой Віфлеемскі агонь перадаюць з рук у рукі скаўты еўрапейскіх краінаў, адмыслова прымеркаваная да адзначэння хрысціянскім светам Нараджэння Хрыстова. Па тэрыторыі Беларусі мясцовыя скаўты правозяць часцінку святога агню ў адмысловых лампадках, каб пазней запаліць ад яго лампады і свечкі ў храмах.

Увечары 19 снежня ад Віфлеемскага агню запаліліся свечкі ў Свята-Успенскім храме. У Віцебск гэты агонь прывёз каардынатар скаўцкага корпусу “Хрысціянская садружнасць сталых і маладых” Аляксей Дазорцаў. Падчас сустрэчы з хрысціянскай моладдзю ён распавёў гісторыю ўзнікнення гэтай перадсвяточнай традыцыі:

“Гэтая акцыя ўпершыню прайшла 10 год таму. Яе заснавалі аўстрыйскія скаўты пры падтрымцы аўстрыйскага тэлебачання. Аўстрыйскія скаўты І цяпер штогод едуць у Віфлеем, бяруць часцінку агню і ўжо далей распаўсюджваюць яго з краіны ў краіну, з арганізацыі ў арганізацыю. Агонь захоўваецца ў цэрквах і касцёлах да Нараджэння Хрыстова. З гэтага храму ён будзе перададзены па эстафеце ў касцёл Святой Варвары. А 22 снежня часцінка Віфлеемскага агню будзе перададзена расійскім скаўтам, якія павязуць яго ў Маскву, а потым далей і далей”.

Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў