Вінілавага Данчыка паўтарылі на CD

У Мінску адбылася прэзентацыя ўсіх студыйных альбомаў знакамітага беларускага спевака Данчыка на кампакт-дысках.

Адразу яшчэ тры кампакт-дыскі Данчыка былі прэзентаваны публіцы, якая сабралася сёння ў мінскай сядзібе БНФ. Аматарам Данчыка не хапала месца ў залі. Як высветлілася, беларускага спевака з Амерыкі любяць не толькі людзі, якія памятаюць ягоныя канцэрты ў 1990-х гг. у Беларусі, але і зусім юныя асобы.

Арганізаваў вечарыну клуб аматараў Данчыка. На прэзентацыі выступілі кіраўнік праекту выдання дыскаграфіі спевака Віталь Супрановіч і вядомы музыказнаўца Вітаўт Мартыненка. Гэта яны паклапаціліся пра захаванне песень у выкананні Данчыка на кампакт-дысках.

На адзін з дыскаў нават патрапіў дакументальны фільм “Данчык”, зняты “Беларусьфільмам” падчас прыезду спевака ў Беларусь у канцы 1980-х гадоў. На гэтай стужцы таксама гучаў голас маці спевака, якая прыязджала з ім у Мінск і паказвала месца, дзе да вайны стаяла яе родная хата. Цікава, што на “Беларусьфільме” гэтай стужкі не захавалася, і аўтарам дыскаграфіі давялося дамаўляцца, каб фільм даслалі з Амерыкі.

Паклапаціліся яны і пра тое, каб на дыску з’явіўся альбом украінскіх песень у выкананні Данчыка. Вітаўт Мартыненка распавёў гісторыю пошукаў гэтага альбому, пра які некаторыя забыліся. “Тут адна песня не з рэпертуару “Песняроў”. Данчык не ведаў, хто яе аўтар. Але выдаўцы папрацавалі і знайшлі, хто аўтар. На дыску ўжо пазначана: вершы Ніны Тарас, музыка Іосіфа Сушко. Такім чынам, гэта не проста банальная копія старых выданняў, а крокі наперад у асэнсаванні нашай спадчыны”

Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў