Уведзеныя “рэвалюцыйныя змены” ў палажэнне пра дзяржрэгістрацыю
Новы парадак рэгістрацыі ўстаноўлены дэкрэтам прэзідэнта Беларусі ад 17 снежня. На думку юрыста Сяргея Балыкіна, дэкрэт унёс “сапраўды рэвалюцыйныя змены” ў палажэнне пра дзяржрэгістрацыю і ліквідацыю суб’ектаў гаспадарання, але недахопы застаюцца.
У ліку зменаў – скарачэнне тэрміну рэгістрацыі з цяперашніх 20 да 5 дзён; памяншэнне ў два разы мінімальных памераў статутных фондаў; скарачэнне пераліку дакументаў, неабходных для рэгістрацыі; магчымасць не прадстаўляць звесткі пра ўласнікаў маёмасці камерцыйнай арганізацыі – фізічных асобаў і шмат іншага.
Але самым важным новаўвядзеннем эксперт лічыць выключэнне абавязку рэгіструючых органаў праводзіць праверку дакументаў, якія прадстаўляюцца для дзяржрэгістрацыі.
У той жа час С. Балыкін адзначае, што захавалася мноства недахопаў, якія ўласцівыя беларускай сістэме рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання. Напрыклад, практычна не змяніўся пералік падстаў для адмовы ў рэгістрацыі.
“Па-ранейшаму можна адмовіць у рэгістрацыі новага суб’екта гаспадарання толькі таму, што яго заснавальнік пачаў працэс ліквідацыі сваёй старой фірмы, але працэс гэты не завершаны, – адзначыў С. Балыкін. – Захоўваецца і вялізны пералік падстаў для пазасудовай ліквідацыі юрасобаў. Напрыклад, за вельмі доўгае невядзенне дзейнасці ці за вельмі малы заробак працаўнікоў”.
Паводле БелаПАН
|