Шэсць катэгорый “невыязных”
У банк дадзеных аб грамадзянах Беларусі, якім часова абмежаванае права на выезд з краіны, уключаюцца шэсць катэгорый асоб.
Нагадаем, 17 снежня прэзідэнт падпісаў указ № 643 “Аб спрашчэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь”. Ім усталяванае, што з 1 студзеня 2008 г. часовы выезд грамадзян Беларусі за мяжу будзе здзяйсняцца без прадстаўлення ў пашпарце дазвольнай адзнакі.
Адначасова зацверджанае Палажэнне аб банку дадзеных аб грамадзянах Беларусі, права якіх на выезд з краіны часова абмежаваны. Усталявана, што вядзенне банка дадзеных здзяйсняецца МУС, вызначанае кола асоб, права якіх на выезд часова абмежаванае, а таксама парадак інфармацыйнага ўзаемадзеяння дзяржворганаў, якія прадстаўляюць інфармацыю ў гэты банк дадзеных.
У банк дадзеных уключаюцца грамадзяне:
* дасведчаныя пра звесткі, якія з’яўляюцца дзяржаўнай тайнай, – да заканчэння тэрміна, адзначанага ў дамове аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў;
* падазраваныя або абвінавачваныя па крымінальнай справе, – да спынення крымінальнага пераследу;
* асуджаныя за злачынства, за выключэннем прысуджаных да пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, – да выканання пакарання або вызваленні ад пакарання;
* тыя, хто ўхіляецца ад выканання абавязкаў, накладзеных на іх судом, – на тэрмін, усталяваны судом, але не больш як да выканання абавязкаў;
* тыя, каму прад’яўлены грамадзянскі пазоў у судзе, – на тэрмін, усталяваны судом, але не больш як да заканчэння вытворчасці па справе;
* тыя, хто ўхіляецца ад мерапрыемстваў па закліку на ваенную службу, службу ў рэзерве, – да яўкі на мерапрыемствы па закліку на ваенную службу, службу ў рэзерве.
Акрамя таго, палажэннем вызначаны парадак інфармавання грамадзян пра тое, што іх права на выезд часова абмежаванае, а таксама пра здыманні такога абмежавання. Банк дадзеных фармуецца са звестак, прадстаўленых у МУС Міністэрствам юстыцыі, Міністэрствам абароны і КДБ, а таксама на падставе дадзеных, наяўных у Міністэрстве ўнутраных спраў.
Інфармацыю аб наяўнасці альбо адсутнасці часовых абмежаванняў на выезд за мяжу можна будзе бясплатна атрымаць у падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў цягам не больш як аднаго месяца з дня звароту. Грамадзянін (пры прад’яўленні пашпарта) мае права атрымаць інфармацыю аб наяўнасці ў банку дадзеных звестак пра сабе і грамадзянах, законным прадстаўніком якіх ён з’яўляецца.
МУС папярэджвае, што даведка аб адсутнасці часовых абмежаванняў права на выезд за мяжу не будзе мець юрыдычнай сілы для прадстаўнікоў памежнай службы ў выпадку, калі на момант перасячэння дзяржмяжы ў банку дадзеных будзе ўтрымлівацца інфармацыя аб наяўнасці ў грамадзяніна часовых абмежаванняў права на выезд.
Нагадаем, як выказаў здагадку кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў, у банк дадзеных можа быць уключаная інфармацыя аб прыкладна 100 тысячах беларускіх грамадзян.
Паводле БелаПАН
|