Канцэрты беларускіх гуртоў з дапамогай “Бацькаўшчыны”

З дапамогі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” 16 снежня ў Магілёве і Віцебску прайшлі два канцэрты вядомых беларускіх гуртоў “Стары Ольса” і “Recha”.
“Recha” прыехала па запрашэнні гарадской магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы. Пачуць “нефарматныя” песні прыйшлі блізу сямідзесяці чалавек.
“Публіка была вельмі адкрытая, канцэрт праходзіў у пазітыўнай абстаноўцы, - распавяла салістка гурту Арына Лісецкая. – Сярод гледачоў былі людзі розных узростаў: ад дзяцей, якія весяліліся і пляскалі ў далонькі, да людзей сталага ўзросту”. Па яе словах, на канцэрце музыкі не толькі гралі, а яшчэ распавядалі нейкія гісторыі, размаўлялі з гледачамі.
Па словах А. Лісецкай магілёўцам так спадабаўся канцэрт, што яны запрасілі гурт прыехаць да іх яшчэ раз ужо улетку.

Таксама пры падтрымцы Згуртавання “Бацькаўшчына” ў Віцебску адбыўся канцэрт гурту “Стары Ольса”.
“Канцэрт прайшоў у Віцебскай абласной філармоніі, усе месцы былі раскупленыя, – распавёў кіраўнік гурту “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі. Па яго словах было бачна, што сярод глядачоў сабраліся не толькі аматары гісторыі, а таксама і аматары музыкі, у тым ліку класічнай і камернай.
“Частку канцэрта склалі творы з “Полацкага сшытку”, – адзначыў Зм. Сасноўскі. – І гэта невыпадкова, бо мы менавіта зараз запісваем новы альбом, дзе большасць кампазіцый складае музыка менавіта з “Полацкага сшытку”.
З гуртом “Стары Ольса” у канцэрце прыняў ўдзел віцебскі фольк-мадэрновы гурт “Восьмы дзень”.
Зміцер адзначыў добрую рэакцыю віцяблян на выступы гуртоў. “Шмат людзей у другой палове канцэрта танчылі”, – распавёў музыка. Па ягоных словаў не выклікала нараканне і тэхнічная падрыхтоўка залі.
Пры падтрымцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў межах гастрольнага туру “Старога Ольсы” ўжо адбыўся канцэрт гурту ў Гомелі. Як адзначыў Зм. Сасноўскі, зараз ідуць перамовы аб канцэрце гурту ў адным з клубаў Магілёва, а 12 лютага адбудзецца канцэрт у канцэртнай залі “Мінск”.
Шмат гастроляў запланавана і ў гурту “Recha”. У спісе паездак: Бабруйск, Ліда, Гродна, Маладзечна і Мінск.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|