Я не хачу змагацца, бо я не палітык
У Мінску ў выдавецтве Ігара Логвінава накладам ў 300 асобнікаў выйшла кніга Альгерда Бахарэвіча “Праклятыя госці сталіцы”. Нягледзячы на тое, што аўтар ужо год як жыве ў нямецкім Гамбургу, прэзентаваць сваю працу ён прыехаў у беларускую сталіцу.
Прэзентацыю нельга назваць афіцыйным мерапрыемствам. Гэта больш была сустрэча беларускіх літаратараў са старым сябрам, якога даўно не бачылі. Усе выходзілі, прамаўлялі нейкія словы, прыемныя аўтару. А аўтар ў сваю чаргу чытаў урыўкі з “Праклятых гасцей сталіцы”.
Не гаварылі пра твор і многія з гасцей. Прычына вельмі аб’ёктыўная. Не паспелі твор прачытаць, таму што ён зусім нядаўна выйшаў з тыпаграфіі. Затое многа фантазіравалі наконт назвы: хто ж гэта мог быць “Праклятым госцем сталіцы”. Аўтар заўважыў, што палітыкі ў гэтым яго творы няма. Магчыма будзе ў новай працы пад назвай “Сарока на шыбініцы”, над якой аўтар працуе зараз.
А. Бахарэвіч распавёў: “У Гамбургу я амаль што год ды там я пішу свае кнігі. Пакуль на Беларусі такая палітычная сітуацыя, вяртацца я ня буду. Мне наогул фізіялагічна агідна тут знаходзіцца ды агіднае цяперашняе жыццё ў Беларусі. Я чалавек занадта тонкай скуры.
Можна змагацца, але змагацца я не хачу таксама, бо я не палітык. І ніякай адказнасці за гэтую краіну я несці не хачу. Можна сыходзіць ў сябе, але гэта часцей абарочваецца самападманам. І ёсць яшчэ адзін варыянт – з’ехаць – і вось яго я выбраў.
Але безумоўна я добра разумею, што мой чытач менавіта тут і я пішу для яго ў першую чаргу.. У Нямеччыне я проста адзін з тысячы замежных аўтараў.
Я напэўна быў бы вельмі дрэнным пісьменнікам, каб змог сказаць пра што мой новы раман. Ён такі шмат складаны, шматузроўневы. Гэта гісторыя аднаго выгнання. Галоўная гераіня — гэта жанчына, якая працуе ў Беларусі. Яна — дзяржаўная службовец. Яе цела распавядае нейкую гісторыю. Кожная частка цела распавядае пэўную гісторыю.У выніку чытач атрымлівае карціну яе жыцця ды лёсу, яе трагедыі”.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www. polskieradio.pl/zagranica/by)
|