У Мінску прэзентавалі кнігі Мальдзіса
Учора ўвечары ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі адбылася прэзентацыя дзвюх кніг. Адна з іх – гэта том выбраных твораў Адама Мальдзіса, які выйшаў у серыі гістарычна-літаратурных помнікаў “Белкнігазбору”, а другая – важкі том у гонар 75-годдзя гэтага знанага даследчыка гісторыі беларускай культуры. Том у гонар Мальдзіса падрыхтавала Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, а выйшаў ён у выдавецтве “Лімарыус”.
Намеснік старшыні Таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Анатоль Шынкевіч назваў сп. Мальдзіса хадзячай энцыклапедыяй. Галоўны рэдактар “Белкнігазбору” Кастусь Цвірка прызнаўся, што ідэя “Белкнігазбору” нарадзілася ў яго дзякуючы Мальдзісавым артыкулам: “Я пачытаў яго першую кнігу пра беларуска-польскія культурныя дачыненні XIX ст. і потым іншыя яго кнігі і вельмі захапіўся гэтай літаратурай і захацеў усё гэта выдаць”.
Дырэктар Інстытуту польскага ў Мінску Пётр Казакевіч распавёў, што калі ён звярнуўся да патэнцыйных фундатараў, каб дапамагчы выхаду кніг прафесара Мальдзіса, то яму адказалі, што маюць права дапамагаць толькі навуковым інстытуцыям. На што пан Казакевіч зазначыў, што прафесар Мальдзіс – гэта цэлы навуковы інстытут у адной асобе. І праблема вырашылася.
“За межамі Беларусі пан прафесар Мальдзіс вядомы як вялікі знаўца і прапагандыст беларускай культуры. Тое праўда, але я хацеў паведаміць, што мы ў Польшчы ведаем прафесара Мальдзіса як вялікага знаўцу і прыязніка польскай культуры”, – сказаў на прэзентацыі П. Казакевіч.
Калега А. Мальдзіса літаратуразнаўца Вячаслаў Чамярыцкі расказаў, што нядаўна ў Акадэміі навук праводзілася анкетаванне супрацоўнікаў. І Чамярыцкі на прапанаванае пытанне пра ўзор беларускага навукоўцы ягонай галіны назваў прафесара Мальдзіса.
А. Мальдзіс спыняў залішнюю пахвалу ягонай персоне і шчодра адарыў прысутных на вечарыне прэзентаванымі на ёй кнігамі.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|