“Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі”
15-16 снежня ў Мінску прайшоў двухдзённы круглы стол “Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі”. Арганізавала сустрэчу беларускіх, украінскіх і расійскіх эканамістаў і палітолагаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Круглы стол адкрыў вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў з дакладам “Пра стан і тэндэнцыі развіцця беларускай эканоміцы”. “У краіне яшчэ ёсць рэзервы. Знешняя запазычанасць можа расці прыкладна да 20 мільярдаў долараў. Ёсць яшчэ што прыватызаваць. Сітуацыя ў свеце спрыяльная і для прыходу прамых інвестыцый. Але ўсе пазыкі могуць быць праедзеныя за два-тры гады, калі эканоміка краіны не будзе адкрытая і не будуць праведзеныя рашучыя рынкавыя рэформы”, — адзначыў эксперт.
Трыццаць асноўных прыкметаў унутранай палітыкі Беларусі вызначыў палітолаг Андрэй Ляховіч у дакладзе “Унутраная палітыка рэжыму Лукашэнкі: асноўныя тэндэнцыі”. Палітолаг у выніку аналізу вывеў т.зв. “каркас канструкцыі аўтарытарнага рэжыму”. Па яго меркаванні, ён складаецца з наступных элементаў: “Першае – імкненне Лукашэнкі пажыццёва займаць пост прэзідэнта і, у перспектыве, перадаць уладу азначанаму пераемніку. Другое – забеспячэнне бяспекі і высокага матэрыяльнага статусу прадстаўнікам улады – каманды Лукашэнкі. Трэцяе, захаванне буйных прадпрыемстваў у дзяржаўнай маёмасці ці палітычнага кантролю дзяржавы. Чацвёртае – незалежнасць”. “Рэжым дэманструе высокую ступень адаптацыі да выклікаў сітуацыі. Лукашэнка ўпэўнена кантралюе сітуацыю ў Беларусі”, – дадаў А. Ляховіч.
Старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў закрануў тэму, якая тычыцца знешняй палітыкі Беларусі, а менавіта “Ці патрэбная Беларусь Еўрапейскаму звязу?”. “На сёння ЕЗ мае патрэбу ў Беларусі як у стабільным і прадказальным суседзе, але “беларускае пытанне” можна расцэньваць яшчэ ў якасці выкліку для супольнай знешняй палітыкі ЕЗ, якая ўсё яшчэ знаходзіцца ў стадыі фармавання”, – так адказаў на пытанне сам аўтар дакладу.
І эканоміку, і палітыку Беларусі аналізаваў кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ (У) МЗС Расіі Кірыл Коктыш. Супярэчнасці беларускай мадэлі, логіка прыняцця рашэнняў у яе межах, правілы гульні і інш. – такія галоўныя пытанні закраналіся ў дакладзе “Беларуская эканамічна-палітычная мадэль: асаблівасці структуры і выклікі сучаснасці”. “Выйсцем можа з’яўляцца зусім іншы эканамічна-палітычны лад, чым мы маем на сёння”, – такое развіццё падзей бачыць эксперт. Гэтую тэму працягнуў філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч у дакладзе “Супярэчнасці дзяржаўнага будаўніцтва сучаснай Беларусі”.
Другі дзень пачаўся з дакладу эканаміста Міхаіла Залескага. “Што рабіць з беларускай вёскай?” – такое пытанне паставіў ён у сваім выступленні. Эксперт разглядзеў сённяшні стан беларускай вёскі, прывёўшы пры гэтым грунтоўны статыстычны аналіз, прасачыў змены і ў сельхазвытворчасці, і ў саміх сялянскіх гаспадарках. Ён бачыць шлях да паляпшэння становішча беларускай вёскі ў тым, каб аддаць зямлю сялянам: “Дык што рабіць? Тое, што людзі робяць – аддаць зямлю сялянам, падтрымліваць тых сялян як гарантаў харчовай бяспекі і носьбітаў нацыянальнай аўтэнтычнасці”.
“Беларускі выбар: асцярожныя крокі ў бок лібералізацыі эканомікі ці паўночна-карэйскі варыянт” – такую праблему раскрыў у дакладзе дырэктар інтэрнэт-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навінаў” Алег Муславец. Ён правёў аналіз сітуацыі не толькі беларускай эканомікі, але і палітыкі. Па яго словах, Беларусь рухаецца ў бок менавіта паўночна-карэйскага варыянту, бо імкнецца стварыць закрытую палітыка-эканамічную сістэму.
Палітолаг Юры Чавусаў падрабязна раскрыў тэму “Рэакцыя Беларусі на “12 умоваў Еўразвязу”: што ёсць і што магло б быць”. Ён грунтоўна прасачыў за сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі за год пасля агучвання прапановаў ЕЗ, за рэакцыяй беларускіх уладаў на прапановы ЕЗ, адзначыў тыя галіны, дзе адбыліся нейкія палёгкі, і тыя, што засталіся на тым жа месцы.
“Вопыт трансфармацыі палітычнай мадэлі Украіны на працягу выбарчых працэсаў 2004-2007 гг.” такая тэма даклада была ў аналітыка з Украіны Андрэя Кірчыва. Ён адзначыў, што пакуль Украіна застаецца прэзідэнцкай рэспублікай, але ідзе да звужэння паўнамоцтваў прэзідэнта і пашырэння парламенту. Пры гэтым, па яго словах, “дэмакратычныя пераўтварэнні і суверэнітэту ва Украіне “прайшлі кропку непавяртання”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|