Не Ларыса Геніюш страціла шанец на рэабілітацыю

Грамадскі аргкамітэт дзеля ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій звярнуўся да грамадзян Беларусі і суайчыннікаў за мяжой у сувязі з тым, што Ларысе Геніюш было адмоўлена ў рэабілітацыі.

З просьбай рэабілітаваць паэтку да генеральнага пракурора Пятра Міклашэвіча звярталіся Аргкамітэт, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі Хельсінскі камітэт. Генеральная пракуратура Беларусі адмовіла ў рэабілітацыі Л. Геніюш.

Як гаворыцца ў звароце, Л. Геніюш даўно няма на гэтым свеце. Даўно імя славутай паэткі і патрыёткі Бацькаўшчыны стала легендай для беларусаў. А вызваліць хаця б добрую памяць аб ёй з калючых дратоў ГУЛАГу немагчыма. Для улады яна па-ранейшаму вораг. І рэабілітацыі не падлягае.

Генеральная пракуратура абгрунтоўвае сваё рашэнне тым, што ў 1999 г. Прэзідыум Вярхоўнага Суду Беларусі прызнаў рэабілітацыю Л. Геніюш немагчымай, а Генеральны пракурор не надзелены правам апратэставання пастаноў Прэзідыума Вярхоўнага Суду.

У звароце адзначаецца, што на працягу ўсяго 2007 г., абвешчанага грамадзянскай супольнасцю Годам Памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, з якой бы прапановай не звяртаўся Аргкамітэт у шматлікія дзяржаўныя ўстановы, у адказ прыходзілі ўсё тыя ж бюракратычныя адпіскі: нельга, немагчыма. Дзяржаўныя ўстановы ўсіx узроўняў імгненна ператвараліся ў бездапаможныя і недзеяздольныя. Нічога немагчыма зрабіць на дзяржаўным узроўні ў гэтай краіне дзеля ўшанавання памяці бязвінных ахвяр сталінскага тэрору. І Л. Геніюш – не выключэнне.

7 лютага 1949 года Ларыса Геніюш была асуджана на 25 гадоў. Па артыкулах Крымінальнага кодэкса БССР 66 і 76, прынятых яшчэ ў 1926 г. Фармулёўкі гэтых артыкулаў: контррэвалюцыйная арганізацыйная дзейнасць і дапамога міжнароднай буржуазіі ў ажыццяўленні варожай дзейнасці.

Гэта не Л. Геніюш страціла шанец на рэабілітацыю. Яе светлая памяць ня мае ў гэтым патрэбы. Для беларускага народа яна заўсёды застанецца патрыёткай і выдатнай асобай Бацькаўшчыны, -- гаворыцца ў звароце грамадскага аргкамітэту. Яго падпісалі Уладзімір Халіп, Анатоль белы, Уладзімір Раманоўскі, Вячаслаў Сіўчык, Зінаіда Тарасевіч, Ігар Кузняцоў, Алена Кобец-Філімонава, Ларыса Андросік ды іншыя.

Паводле радыё Свабода (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў