Тысячы людзей з усяго свету патрабуюць вызвалення палітвязняў Беларусі

Тысячы жураўлікаў, падрыхтаваных Міжнароднай праваабарончай арганізацыяй “Міжнародная амністыя” дзеля свабоды Зміцера Дашкевіча, перадалі 13 снежня ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі і праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алена Лапцёнак і Сяржук Сыс.

Алесь Бяляцкі асабіста аддаў ліст ад “Міжнароднай амністыі” і вялізную папяровую птушку разам з тысячамі маленькіх жураўлікаў у Прыёмную МУС з патрабаваннем перадаць усё асабіста міністру Уладзіміру Навумаву. Пры гэтым праваабаронца нагадаў, што ў турмах Беларусі да гэтага часу ўтрымліваюцца палітзняволеныя, хаця афіцыйныя ўлады адмаўляюць гэты ганебны факт.

Нагадаем, “Міжнародная амністыя” пачала кампанію па падтрымцы беларускага палітвязня Зм. Дашкевіча яшчэ ўвесну. Актывісты “Міжнароднай амністыі” спрабавалі даслаць тысячы папяровых жураўлікаў беларускаму міністру ўнутраных спраў У. Навумаву, патрабуючы вызваліць моладзевага актывіста.

“Па легендзе, калі скласці тысячу папяровых жураўлікаў, любое запаветнае жаданне стане рэчаіснасцю. Сёння наша жаданне, каб у Беларусі была адноўленая свабода, каб вышлі на свабоду ўсе, хто быў затрыманы за свабоднае і мірнае выказванне сваіх поглядаў. Асабліва мы заклікаем улады Беларусі вызваліць моладзевага актывіста Змітра Дашкевіча”, – гаворыцца ў заяве міжнароднай праваабарончай арганізацыі.

Нагадаем, Зміцер Дашкевіч прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўлення свабоды за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.

Паводле www.spring96.org

‹‹ на галоўную | у архіў