10 год Народнаму альбому
18 снежня праекту Народны альбом – 10 год. З гэтай нагоды адбудзецца вялікі канцэрт ва ўжо родным для ўсіх прыхільнікаў беларускай музыкі клубе Фартуна.
Святкаванне пройдзе ў выглядзе песняў-танцаў, удзел возьмуць Кася Камоцкая, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Міхал Анемпадыстаў, завітае з самога Берліну Вераніка Круглова ды іншыя, сапраўды доўгачаканыя госці.
Менавіта з снежню 1997 г. Народны альбом зявіўся ў продажы. У памяці замацавалася, як тады ўсіх захапіла народнаальбомаўская завіруха. З тае часоў НА ўвасобіўся ў выдатны падарунак, стаў універсальнай тэмай для размоваў, нагодай выпіць, а што ўжо казаць пра заспяваць, калі тыя ж «Простыя словы» дагэтуль пяюць па падездах і на задніх сядзеннях турыстычных аўтобусаў. Народны альбом можна лічыць адным з першых крокаў да папулярызацыі беларускай музыкі, надзвычай удалая спроба зрабіць музыку прымальнай і дасягальнай сярод насельніцтва.
Што тычыцца самой імпрэзы, М. Анемпадыстаў адразу адрэзаў: сюрпрызаў, маўляў, не будзе. Бо ніякія сюрпрызы і не патрэбныя! – даводзіць сваю думку ідэйны натхняльнік НА. – Канцэрт Народнага альбому – гэта такі своеасаблівы спектакль, і ён не можа змяніцца, у ім не можа быць сюрпрызаў. Уявіце сабе, што вы тэлефануеце рэжысёру Тутэйшых і пытаецеся – ну, якія будуць сюрпрызы? Тут завершаная форма, свая пэўная драматургія, і ўносіць у яе сюрпрызы – не бачу сэнсу.
Але М. Анемпадыстаў глядзіць на гэта і з іншага боку: У канцэрта штораз новае месца, публіка, зноў-такі, заўсёды розная… Усё гэта стварае адметную атмасферу… Усе канцэрты, нягледзячы на тое, што сам прадукт гучыць у нязменнай паслядоўнасці, спраўджваюцца па-рознаму. І ў гэтым, на маю думку, галоўная інтрыга. Мы не ведаем, што атрымаецца! Якія жарты ўзнікнуць, якія, можа, удалыя імправізацыі… І ўсё гэта больш каштоўна, чымсьці нешта загадзя падрыхтаванае.
Імпрэза адбудзецца 18 снежня 19:00, клуб Фартуна.
Паводле Тузіна Гітоў (music.fromby.net)
|