Дзяржава зарабіла на латарэях значна больш, чым на адмене льгот
Па звестках Міністэрства фінансаў, за студзень-кастрычнік гэтага года ўсе беларускія латарэі рэалізавалі білеты на 147,4 мільярда рублёў (амаль 69 мільёнаў долараў). Больш за ўсё было прададзена білетаў латарэй “Ваша лато” і “Суперлато” – амаль на 66 мільёнаў долараў.
Для параўнання, дзякуючы закону аб адмене ільготаў штогадовая эканомія бюджэту складзе 106 мільярдаў рублёў (49,5 мільёнаў долараў). Аб гэтым раней заяўляў віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец.
Атрымліваецца, што на латарэях дзяржава зарабляе як мінімум на 20 мільёнаў долараў больш, чым атрымае дзякуючы адмене ільготаў. І гэта пры тым, што звесткі Мінфіна абмяжоўваюцца кастрычнікам, у той час як напярэдадні навагодніх святаў продажы латарэйных білетаў толькі павялічацца.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які ўдакладняе асобныя пытанні ажыццяўлення латарэйнай дзейнасці ў Беларусі. Мінфін адзначае, што гэтая мера будзе спрыяць павелічэнню аб’ёмаў продажу латарэйных білетаў. Згодна з указам, права рэалізоўваць латарэйныя білеты цяпер нададзена арганізацыям спажывецкай кааперацыі.
Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm) і БЕЛТА
|