Інтэрнэт нельга падпарадкаваць
Палата прадстаўнікоў сёння прыняла ў першым чытанні законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”.
Прадстаўляючы праект дадзенага закона, міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей падкрэсліў, што законапраект не распаўсюджваецца на працу сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку электронных, і заявіў, што “ніякіх правіл паводзін у Інтэрнэце не ўводзіцца”.
Пры гэтым міністр удакладніў, што закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” “будзе рэгуляваць у тым ліку сферу інфармацыі, а таксама пытанні абароны інфармацыі”.
Кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў лічыць частку дакумента, прысвечанага абароне інфармацыі, найбольш небяспечнай яго раздзелам. “Я думаю, што асноўная мэта гэтага законапраекта і была ў тым, каб прадугледзець шырокую сістэму мераў па “абароне” інфармацыі, а значыць – па абмежаванні яе свабоднага распаўсюджвання. Паводле дакумента, у адкрытым доступе павінна застацца толькі агульнадаступная інфармацыя. Уводзяцца ўсе новыя і новыя забароны на распаўсюджванне і выкарыстанне інфармацыі, і гэта выклікае занепакоенасць”, – адзначае юрыст БАЖ.
“Нашая прынцыповая пазіцыя застаецца ранейшай – законапраект абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне, захаванне і распаўсюджванне інфармацыі”, – заявіў М.Пастухоў.
Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)
|