“Бедныя людзі” Васіля Быкава загучалі на іўрыце
У Мінску адбылася прэзентацыя перакладу апавядання Васіля Быкава “Бедныя людзі” на іўрыт. Пераклад зрабіў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бэн Ар’е. На літаратурнай вечарыне выступілі вядомыя беларускія пісьменнікі і гучаў голас Васіля Быкава.
“Я вельмі хачу, каб мы сёння пагаварылі пра Быкава, пра яўрэйска-беларускія сувязі ў літаратуры, аб перакладзе. Каб пагаманілі вольна, ў сваё задавальненне і ахвоту”, – гэтак адкрыў вечарыну амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бэн Ар’е.
Урыўкі з “Бедных людзей” Васіля Быкава зачыталі на вечарыне: па-беларуску Аляксандр Памідораў, на іўрыце – Міра Мільштэйн.
Сюжэт апавядання просты: да прафесара Сквараша, якому, за недарэчныя выказванні пагражае выключэнне з Кампартыі, завітаў аспірант. Каб супакоіць, падбадзёрыць паважанага ім чалавека. Слова за слова – пачалася шчырая гутарка, змест якой быў бы вельмі цікавы для кампетэнтных органаў. Але толькі аспірант Краснянскі сышоў, як прафесар задумаўся: ці не варта яму першаму паведаміць ў КДБ пра гэтую размову, якая пачалася не іначай як з правакацыйных мэтаў? Паведаміў...
Пісьменнік і ўлада, праўда і хлусня, данос і сяброўства...Гэтыя тэмы ўдзельнікі вечарыны закраналі і ў сучасным кантэксце – як падставу для размовы пра меты сённяшняга жыцця. Пісьменнік Валянцін Тарас згадаў, як ў кампаніі з В. Быкавым яны шукалі месца, дзе б па-сяброўску павячэраць, але не маглі пазбавіцца ад кампаньёна, якога падазравалі ў стукацтва. Урэшце зайшлі ў рэстарацыю разам з ім, а В. Быкаў потым вельмі па-чалавечы развітваўся з гэтым кампаньёнам.
Старшыня Саюзу пісьменнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч паведаміў прысутным, што сакратарыят саюзу будзе рэкамендаваць перакладчыка Зэева Бэн Ар’е да ўступлення ў саюз.
А сп. амбасадар падзяліўся такой статыстыкай: штогод ў Ізраілі выдаецца 8 тысяч кніг, з іх 73% на іўрыце. “У Беларусі выдаюць 11 тысяч кніг, але толькі 7% па-беларуску”, – са шчырым шкадаваннем зазначыў Зэеў Бэн Ар’е.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|