Бізнес сыходзіць у супраціў
11 снежня ў Мінску прайшлі суды над арганізатарамі акцыі прадпрымальнікаў, якая адбылася ўчора. Лідэраў ініцыятывы “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова і Віктара Крываля прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Віктара Калея – да 10 сутак арышту. Цэнтральны суд Мінска абвінаваціў іх у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Затрыманых напярэдадні акцыі прадпрымальнікаў Аляксандра Цацуру і Аляксандра Макаева арыштавалі на 10 і 7 сутак. Іх абвінавацілі ў здзяйсненні “дробнага хуліганства”. Дэмакратычны актывіст Аляксей Кашкароў арыштаваны на 15 сутак арышту. Прысуды ўдзельнікам мітынгу выносілі суддзі Ясімовіч, Самасейка, Бычко, Козак.
12 снежня над лідэрам прадпрымальнікаў Макаевым адбудзецца яшчэ адзін суд – а 11 гадзіне ў Ленінскім судзе. За некалькі дзён да мітынгу яго затрымалі ў офісе Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. З офіса былі канфіскаваныя ўлёткі да мітынгу, а супраць А. Макаева склалі пратакол за “дробнае хуліганства”. У суд прадпрымальніка прывязуць прама з спецпрыёмніка.
Як заявіў перад пачаткам судовага працэсу А. Макаеў, “прадпрымальнікі не павінны ісці на перамовы з уладамі, пакуль усе, хто ішоў у абарону іх правоў, знаходзяцца ў турме”.
Нагадаем, што ад 300 да 1000 прадпрымальнікаў выйшлі ўчора на Кастрычніцкую плошчу Мінска ў знак пратэсту супраць указу Аляксандра Лукашэнкі №760, які з новага года забараняе ІП выкарыстоўваць наёмных работнікаў. Удзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю, якую яны аднеслі ў Дом урада.
“Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Паўловіч асабіста гарантаваў 10 снежня, што ніякіх рэпрэсій у дачыненні арганізатараў акцыі не будзе, а нашых людзей затрымалі, судзяць. Сёння ён заяўляе пра нейкія перамовы 19 снежня і пры гэтым аспрэчвае, што даваў нам гарантыі, хоць я сам асабіста яго пра гэта прасіў. Так аб чым і з кім нам размаўляць? Нас проста нахабна ашукваюць, таму наўрад ці можна чакаць пазітыўных вынікаў ад такіх сустрэч. Тым больш, што ў гэты дзень нашы людзі будуць сядзець па турмах”, – заявіў адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандр Таўстыка.
Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)
|