Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2007 годзе
Аргкамітэт Хартыі’97 вызначыў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2007 г.
У намінацыі “За абарону правоў чалавека і хрысціянскіх каштоўнасцяў” узнагароджваецца старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў Мінску Івонна Мацукевіч. У намінацыі “За абарону правоў чалавека і свабоды творчасці” прэмію атрымоўвае творчая суполка “Пагоня”. У намінацыі “За асабістую мужнасць у абароне правоў чалавека” ўзнагароджваецца праваабаронца і жонка палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч.
Івонна Мацукевіч
Івонна Мацукевіч – старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў Мінску. Цягам апошніх двух гадоў беларусы сталі сведкамі духоўнага подзвігу. Кожны дзень пасля вячэрняга набажэнства, а ў нядзелю пасля ранішняга І. Мацукевіч прыходзіць да касцёла св. Язэпа. Яе малітвы скіраваныя на вяртанне Касцёла вернікам каталікам. Часам разам з ёй прыходзяць дзесяткі і сотні людзей, часцей некалькіх братоў і сясцёр. Бываюць дні, калі яна прыходзіць адна, але яе малітоўнае служэнне ў абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў і правоў вернікаў не спыняецца ні на адзін дзень.
Творчая суполка “Пагоня”
Заснаваная ў 1990 г. з мэтай развіцця нацыянальнага мастацтва, узбагачэння і падтрымкі нацыянальных культурных традыцый у творчасці. У суполку ўваходзяць вядомыя мастакі і дзеячы мастацтва. Выставы, якія арганізоўвала “Пагоня”, заўсёды былі творчай і грамадзянскай з'явай у мастацтве Беларусі. Сябры суполкі цягам усіх гэтых гадоў застаюцца вернымі прынцыпам свабоды творчасці і свабоды самавыяўлення.
Таццяна Клімава-Леановіч
Т. Клімава – вядомая юрыстка, праваабаронца і жонка палітвязня Андрэя Клімава. Яна выходзіла замуж за паспяховага прадпрымальніка-мільянера, дэпутата парламента, а стала жонкай палітвязня. Дэпутат Вярхоўнай Рады 13 склікання А. Клімаў за час праўлення Аляксандра Лукашэнкі тройчы быў прысуджаны да пазбаўлення волі. У першы раз фактычна за арганізацыю кампаніі імпічменту Лукашэнкі А. Клімаў правёў у турме 4 гады, пасля за арганізацыю масавай акцыі ў Дзень Волі паўтара гады працаваў на так званай “хіміі” ў Гомельскай вобласці. Сёлета палітык асуджаны на два гады пазбаўлення свабоды ў калоніі строгага рэжыму за публікацыю артыкула ў Інтэрнэце. Усе гэтыя гады Таццяна дамагалася вызвалення мужа, абараняла яго ў судах і сама гадавала і выхоўвала дзяцей.
У розныя гады лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Мінска ў сакавіку 2006 г., палітвязні Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Мікола Аўтуховіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы “Новае жыццё”, праваабаронца Валеры Шчукін, жонкі зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, музычныя гурты “N.R.M.”, “Новае неба”, журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.
Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)
|