Прадпрымальнікі прайшлі шэсцем па праспекце

Сёння ў Мінску прайшоў несанкцыянаваны ўладамі мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў. Па розных падліках на Кастрычніцкую плошчу Мінска выйшла ад 300 да 1000 чалавек.

Прадпрымальнікі пратэставалі супраць прэзідэнцкага ўказу №760 ад 29 снежня 2006 г., які па іх словах ставіць ІП на мяжу страты бізнесу. У рэзалюцыі мітынгу ўтрымліваюцца патрабаванні спыніць судовы пераслед прадпрымальнікаў за выказванне свайго меркавання, правесці ацэнку ўказа на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі, “найстрогім чынам наказаць вінаватых у ягоным з’яўленні на свет без эканамічнага абгрунтавання”.

Ад кіраўніцтва краіны прадпрымальнікі патрабуюць выканання 12 умоваў Еўразвязу, “у ліку якіх павага правоў грамадзян Беларусі на справядлівы суд і прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўладаў”.

Удзельнікі акцыі заявілі пра намер пачаць 1 студзеня агульнарэспубліканскую забастоўку.

Да прадпрымальнікаў выйшаў старшыня парламенцкай камісіі па прамысловасці паліўна-энергетычнаму комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтву Анатоль Паўловіч. Ён прапанаваў ім сустрэцца ў бліжэйшыя дні і абмеркаваць сітуацыю. Паўловіч гарантаваў удзельнікам акцыі, што яны не будуць затрыманыя і здолеюць удзельнічаць у сустрэчы.

На мітынгу выступіў таксама старшыня ўпраўлення прадпрымальніцтва камітэта па эканоміцы Мінскага гарвыканкама Аляксандр Каліноўскі. Ён прызнаў наяўнасць праблемы ў дзейнасці ІП, але заклікаў дзейнічаць у межах закону. “Ад нашай размовы на плошчы вялікага сэнсу не будзе”, - лічыць Каліноўскі.

Іх зварот прадпрымальнікаў прыняты да разгляду. На наступную сераду запланаваная сустрэча з чыноўнікамі. Таксама яны атрымалі вуснае абяцанне, што людзям дадуць разысціся без затрыманняў. Яшчэ адной умовай прадпрымальнікаў было вызваліць чатырох затрыманых перад акцыяй і ў часе яе: Аляксандра Цацору, Аляксандра Макаева, Вольгу Казуліну і Барыса Гарэцкага.

Паводле “Салідарнасці” (www.gazetaby.com) і “Нашай Нівы” (www.nn.by)

‹‹ на галоўную | у архіў