У Мінску пад воклічы “Жыве Беларусь!” ўшанавалі памяць Максіма Багдановіча
У Мінску адбылося ўшанаванне памяці таленавітага беларускага паэта Максіма Багдановіча (1891 – 1917), аўтара славутай “Пагоні”. Менавіта на сённяшні дзень прыпадаюць чарговыя ўгодкі яго дня нараджэння.
Пра тое, як прайшлі мерапрыемствы каля помніка паэту каля Опернага тэатру, распавёў маладзёвы актывіст Алесь Круткін: “Спачатку была “афіцыйная” частка, дзе пераважна былі людзі старэйшага пакалення. Было прыкладна каля 40 чалавек, выступалі літаратары. Пасля людзі ўсклалі белыя і чырвоныя кветкі і праспявалі “Магутны Божа” і крычалі “Жыве Беларусь!”.
Пасля гэтага да помніка падышлі каля 20 сяброў незарэгістраванай маладзёвай арганізацыі “Малады фронт”, якія прынеслі бел-чырвона-белы вянок і кветкі, таксама праспявалі рэлігійны гімн “Магутны Божа”. Кацярына Краснова распавяла прысутным пра творчасць Максіма Багдановіча, а Алесь Круткін – пра жыццёвы шлях паэта.
Міліцыя ўдзельнікам ушанаванню не замінала.
Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)
|