Рок-музыкі рыхтуюцца да вялікага супольнага канцэрту

Беларускія рок-гурты “Нейра Дзюбель”, “Палац”, “Крама” і “N.R.M.” плануюць правесці вялікі сумесны канцэрт. Пра гэта паведаміў лідэр гурту “Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч 6 снежня ў Мінску на прэзентацыі новага альбома “Stasi”.

А. Кулінковіч пакуль не назваў месца правядзення канцэрта, сказаўшы толькі, што “гэта будзе вялікая зала”. Плануецца, што канцэрт пройдзе ў канцы студзеня 2008 г. Таксама, паводле яго слоў, арганізуецца канцэртная прэзентацыя новага альбома “Нейра Дзюбеля”. Ён зазначыў, што атрымана папярэдняя згода на правядзенне канцэрта ў адным са сталічных клубаў.

Нагадаем, канцэртная прэзентацыя альбома “Stasi”, запланаваная на 14 лістапада гэтага года, была адменена. На працягу апошніх некалькіх гадоў гурт не меў магчымасці арганізоўваць вялікія канцэрты ў Мінску, выступаючы ў асноўным у суседніх краінах і невялікіх гарадах Беларусі.

Негалосную забарону на канцэртаванне музыканты атрымалі пасля ўдзелу ў акцыях апазіцыі. Такое становішча гурту знайшло адлюстраванне ў назве новага альбома “Нейра Дзюбеля”. “Stasi” — гэта разведка былой Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, якая ў часы халоднай вайны лічылася адной з самых моцных спецслужбаў у свеце. Паводле слоў А. Кулінковіча, сэнс гэтай назвы ўтрымліваецца ў запеве песні “Stasi”: “Не чуваць, але спяваем”.

21 лістапада лідэры рок-гуртаў “Нейра Дзюбель”, “Крама”, “N.R.M.” і “Палац” сустрэліся з кіраўніком галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Алегам Праляскоўскім. Падчас сустрэчы ён паабяцаў падтрымку беларускім музыкантам, сказаўшы, што ў іх больш не будзе праблем з арганізацыяй канцэртаў. Сустрэча выклікала вялікі грамадскі рэзананс: музыкантаў абвінавачвалі ў тым, што яны “прадаліся” ўладам. А. Кулінковіч абверг такое сцвярджэнне, а таксама выказаў сумненне, што “пасля гэтай сустрэчы адразу нешта зменіцца”. На прэзентацыі новага дыска ён зазначыў, што пакуль не адчувае нейкіх асаблівых змен пасля візіту ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Паводле БелаПАН

‹‹ на галоўную | у архіў