Ларыса Геніюш засталася ворагам народу

У рэабілітацыі беларускай паэтцы было адмоўлена. Генеральны пракурор, які разгледзеў прадстаўленне пра рэабілітацыю Ларысы Геніюш, спасылаецца на тое, што ён не надзелены правам апратэставання пастановаў Прэзідыуму Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусі. Менавіта такой пастановай ад 24 лістапада 1999 г. Ларыса Геніюш прызнаная не падлеглай рэабілітацыі.

Нагадаем, што прадстаўленне пра рэабілітацыю было накіравана на імя генеральнага пракурора 1 лістапада. Яго ініцыятарамі выступілі Аргкамітэт па ўвекавечанні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі Хельсінскі камітэт. Прадстаўленне было падпісана больш як 70 вядомымі грамадзянамі нашай краіны, сярод якіх Ніл Гілевіч, Алесь Пашкевіч, Ігар Кузняцоў, Гары Паганяйла і інш.

Паводле словаў праваабаронцы Гары Паганяйлы, “дзейнае ў Беларусі заканадаўства не дазваляе прынесці пратэст на пастанову Прэзідыуму Вярхоўнага Суду. Для праваабаронцаў ясна, што Вярхоўны Суд прыняў палітычна матываванае рашэнне, далёкае ад прынцыпаў законнасці і справядлівасці. Застаецца, бадай, адзінае выйсце — звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН і прадставіць Беларусь як парушальніцу правоў на справядлівы, кампетэнтны, незалежны суд!”

Паводле Belhelcom.org

‹‹ на галоўную | у архіў