Алесь Міхалевіч заклікаў да акцыі ў абарону незалежнасці 9 снежня
Намеснік старшыні Партыі БНФ прапанаваў сабрацца са сцягамі на плошчы Незалежнасці ля Галоўпаштамту, каб даслаць прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну тэлеграмы пратэсту.
Плануцецца, што 13–14 снежня У. Пуцін наведае Беларусь. Намеснік старшыні партыі БНФ А. Міхалевіч зрабіў заяву на гэты конт: “Праз тыдзень у Мінск думае прыехаць Пуцін. Зайсці мае як госць, а сыйсці, відаць, хоча як гаспадар. У строгай таямніцы трымаюцца пакты, якія адзін дыктатар прывязе на подпіс другому. Найверагодней, цёмная справа тычыцца незалежнасці нашай Радзімы, якую мераюцца прынесці ў ахвяру шэрым схемам працягу ўладарання гэтых адыёзных асобаў”.
А. Міхалевіч заклікае сяброў-фронтаўцаў, моладзь, вернікаў?хрысьціянаў, усіх неабыякавых да лёсу краіны людзей выступіць супраць візіту Пуціна ў Беларусь: “9-га снежня, у нядзелю, а 15-й гадзіне бярыце сцяг і прыходзьце да Галоўпаштамту, каб адправіць тэлеграму Пуціну. Тэлеграму ад кожнага з нас з адным толькі словам: “Прэч!” Хай нас будзе поўная плошча Незалежнасці, а калі перашкодзяць — пойдзем да вакзалу, яго не ачэпіш; перададзім лісты цягніком”.
Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|