У Беларусі пададзена больш за 800 заявак на акцыі пратэсту
Актывісты апазіцыі падалі больш за 800 заявак на правядзенне пікетаў 16 снежня. Гэтыя акцыі пратэсту скіраваны супраць скасавання ільготаў. З’явіліся ўжо першыя адмовы на правядзенне пікетаў. Актывісты апазіцыі працягваюць абскарджваць у судзе падобныя адмовы.
Паводле каардынатара “Сацыяльнага маршу” Валерыя Ухналёва, сябры Партыі камуністаў Беларускай накіравалі мясцовым уладам каля 500 заявак, астатнія падаваліся іншымі суб’ектамі аб’яднаных дэмсілаў. Агулам па Беларусі плануецца правесці больш за 800 акцый пратэсту – пікетаў і мітынгаў.
“Я думаю, нам дадуць станоўчыя адказы. Ня ўсюды, але дадуць. Калі мы будзем мець геаграфію гэтага, мы размяркуемся дзе, што і як мы будзем праводзіць – дзе мітынгі, дзе пікеты. І ў любым разе, нягледзячы на тое, якія будуць адказы, ці станоўчыя, ці гэта будзе забаронена, але ў большасці сваёй, на пікеты людзі выйдуць. 17 снежня ўступае ў дзеянне закон аб адмене сацыяльных гарантыяў і льгот. І вось усе нашы заяўкі пададзены на 16-е. І большасць людзей, гэта паказвае і сацыялогія, і нашы сустрэчы з людзьмі, не разумеюць і не прымаюць тое, што сёння робіць улада”, – сказаў В. Ухналёў.
Да прыкладу, актывісты Берасцейскай абласной кааліцыі аб’яднаных дэмсілаў падалі каля 117 заявак на правядзенне пікетаў. З іх 65 заявак – у Берасці, 37 – у Берасцейскім раёне, 11 – у Баранавічах. Некаторыя заяўнікі ўжо атрымалі першыя адказы ад мясцовых уладаў.
Алег Шапавалаў з гарадскога пасёлку Мачулішчы працытаваў ліст, які дасланы з Мінскага райвыканкаму. Маўляў, райвыканкам “на падставе закону аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, як гарант палітыкі, якая праводзіцца ў дзяржаве, не дазваляе правядзенне пікету. Мэтай якога з’яўляецца выказванне пратэсту супраць сацыяльнай палітыкі ўладаў”.
“Адмаўлялі пад рознымі прычынамі, але такая прычына ўпершыню. Я ўчора накіраваў ліст у выканкам. Я даслаў ім ксеракопію іх адказу, дзе чырвоным перакрэсліў коскі, якія не трэба было ставіць, напісаў чырвоным коскі, дзе трэба было ставіць. І напісаў: “Без каментараў. Там былі тры арфаграфічныя памылкі і адна стылістычная”, – заявіў А. Шапавалаў.
Актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага Юры Новікаў і Сяргей Фамін падалі скаргу ў Ленінскі суд Магілёва. Яны з’вяртаюць увагу на незаконныя дзеянні кіраўніка справамі гарвыканкаму, які яшчэ ў жніўні адмовіў у правядзенні аднаго з пікетаў салідарнасці з Аляксандрам Казуліным. Паводле кіраўніка справамі, такі пікет “з’яўляецца спосабам ціску на органы судовай улады”.
Актывісты просяць суд задаволіць заяўку на акцыю і абавязаць уладу вызначыць час пікету.
“Даваць адмоўныя адказы на правядзенне масавых мерапрыемстваў стала нормай для Магілёўскага гарвыканкаму. Так, апошнім часам, у варунках кампаніі “Сацыяльны марш” у гарвыканкам было пададзена некалькі дзесяткаў заявак на правядзенне пікетаў супраць адмены льгот. І ні адну з іх не задаволілі. На жаль, ніводзін заяўнік не пайшоў далей і не абскардзіў рашэнне гарвыканкаму. Калі ў раённым судзе мы не атрымаем станоўчага рашэння, то будзем скардзіцца і далей, ажно да Камісіі ААН па правах чалавека”, – заявіў Ю. Новікаў.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|