Амбасадар Нямеччыны: “Беларускім элітам варта задумацца аб прапановах ЕЗ”

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гебхардт Вайс не згодны з словамі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Еўропа не хоча супрацоўнічаць з Беларуссю. “Еўропа хоча паляпшэння стасункаў з Беларуссю. Меркаванні разыходзяцца ў тым, на якой падставе. Калі прааналізаваць 12 прапаноў Еўразвяза, то відавочна, што яны ўтрымліваюць шмат таго, што проста існуе і прынятае ў Еўропе ў галіне правоў чалавека, прававой дзяржавы, эканомікі”, – адзначыў дыпламат.

Амбасадар Нямеччыны падкрэсліў, што гаворка ідзе пра агульнапрызнаныя і ў рамках АБСЕ прапановы. “Гэтыя прапановы рэалізаваныя не толькі ў краінах – сябрах ЕЗ, але і ў іншых еўрапейскіх дзяржавах. А гэта каля 450 мільёнаў еўрапейцаў. Я не думаю, што такая колькасць людзей можа памыляцца”, – сказаў Гебхардт Вайс.

“Мы не павінны таптацца на месцы, мы павінны выйсці з акопаў мінулай канфрантацыі і цвяроза паглядзець на аб'ектыўныя інтарэсы. Перад Беларуссю на фоне змянення рамачных умоў, напрыклад, падвышэння цэн у сферы энерганосьбітаў, стаіць пытанне рэформы і мадэрнізацыі краіны, а таксама стабілізацыі незалежнасці краіны”, – сказаў дыпламат.

На думку амбасадара Нямеччыны, Беларусь можа больш эфектыўна развівацца, арыентуючыся не толькі на Усход, але і на Еўрапейскі Звяз.

“У нас ёсць канцэпцыя партнёрства. Яна здзяйсняецца ў дачыненні Украіны і Малдовы, але пакуль не працуе ў дачыненні Беларусі. ЕЗ з’яўляецца вельмі цікавым партнёрам Беларусі для ажыццяўлення яе стратэгічных інтарэсаў. Ды і маладое пакаленне хоча атрымаць больш пераканаўчыя адказы на пытанні: “Якой будзе наша будучыня, у якой краіне мы будзем жыць, у рамках якіх структур?”. Элітам, тым, хто адказны за будучыню краіны, варта задумацца, як рэагаваць на прапановы ЕЗ. Рэфлексамі адпору мы не ідзем наперад”, – сказаў Гебхардт Вайс.

Паводле ІА “Интерфакс-Запад”

‹‹ на галоўную | у архіў