Музыкі з “чорнага спісу” з’явяцца на дзяржаўных тэлеканалах
Гурт “Палац” возьме ўдзел у адборачным туры конкурсу “Еўравізія”, Зміцер Вайцюшкевіч зайграе ў навагоднім шоу каналу “ОНТ”, гурт “Крама” таксама возьме ўдзел у запісе навагодняга шоу. А гурты “Палац” і “Neuro Dubel” выступяць у сакавіку на сцэне Палацу Рэспублікі ў дабрачынным канцэрце, які ЮНІСЭФ ладзіць для дапамогі дзецям-інвалідам. Яшчэ нядаўна гэтыя гурты поруч з шэрагам іншых фігуравалі ў негалосным “чорным спісе”.
Публіка ў сетцы рэагуе на гэтыя навіны самым разнастайным чынам: ад воклічаў “Выдатна!” да скептычных заўваг: “Добра купляюць музыкаў, з небывалым размахам”.
На думку лідэра гурту “Палац” Алега Хаменкі, падобна да таго, што абяцанні галоўнага ідэолага Беларусі Алега Праляскоўскага выконваюцца: “Тры гады нічога не было, і тут — бах: адразу бяруць. Канцэрты дзе заўгодна адбываюцца, прымаюцца заяўкі. Напэўна, штосьці зрушылася”.
Гурт “Палац” у ліку іншых трапіў пад негалосную забарону на канцэртную дзейнасць улетку 2004 г. Незадаволенасць уладаў тады выклікаў удзел музыкаў у канцэрце на апазіцыйным мітынгу.
А сёлета ў канцы лістапада А. Хаменка разам з музыкамі Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам, Пітам Паўлавым і Аляксандрам Кулінковічам мелі сустрэчу ў Адміністрацыі прэзідэнта. Кіраўнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі А. Праляскоўскі паабяцаў зняць забароны, а са свайго боку папрасіў музыкаў не граць на акцыях апазіцыі.
Адным з рэзкіх крытыкаў перамоваў паміж гнанымі музыкантамі і ўладай выступіў Мікалай Халезін, кіраўнік “Свабоднага тэатру”. Тэатр гэты ў Беларусі пераследуюць: ён шмат гастралюе па Еўропе, а на радзіме грае рэдка і ў падпольных умовах. Як мяркуе М. Халезін, улады свядома раскалолі музыкаў: “Гэта хвароба. Альбо музыкі абралі сабе лёс калабарантаў. Калі мне нехта патэлефануе і скажа: “Выступай!”, – паедзем арандаваць пляцоўку. Але ні з якай уладай я ня буду весці перамовы пра тое, ці можна мне выступаць, ці не. Бо гэта мой выбар, а ўлада тут ні пры чым”.
Сённяшнюю сітуацыю пракаментаваў лідэр гурту “Крама” Ігара Варашкевіча: “Нас ужо запрасілі: 16 снежня ў Палацы спорту будзе нейкая навагодняя перадача... Ці нешта такое. Я проста дакладна не ведаю. Але калі туды запрасілі, значыць, ужо не баяцца. Я ў прынцыпе пра гэта ўвогуле не думаю: будзе нармальна — будзе нармальна, ня будзе – будзе так, як было. У маім жыцці пакуль нічога не змянілася”.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|