У абарону Артура Фінькевіча
На гэтым тыдні група грамадcкіх і культурных дзеячаў звярнулася з адкрытым лістом да суддзі Наталлі Крашкінай, пад старшынствам якой неўзабаве пройдзе суд над Артурам Фінькевічам.
“Мы патрабуем спыніць крымінальны пераслед і вызваліць самага маладога вязня сумлення А. Фінькевіча. У 22-гадовага вязня ўжо сёння на галаве сівізна. Ад напружання і перажыванняў ў Артура павышаецца ціск, пастаўлены дыягназ “гіпертанія”. Праз хуткі час А. Фінькевіч павінен быў выйсці на волю. Але яму не дазволілі хадзіць на працу, перавялі ў следчы ізалятар і завялі новую крымінальную справу. Просім Вас разглядаць справу А. Фінькевіча кіруючыся маральнасцю і сумленнасцю, ведаючы, што найбольш справядлівы Божы суд і суд гісторыі, якія з часам дадуць адпаведную адзнаку ўсім чалавечым дзеянням”, — адзначаецца ў лісце.
Зварот падпісалі лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, народны паэт Ніл Гілевіч, пісьменнікі Генадзь Бураўкін і Уладзімір Арлоў, мастак, старшыня МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін, геолаг Радзім Гарэцкі, палітык Павал Севярынец. Усяго ліст мае 92 падпісанты.
Паводле “Нашай Нівы”
|