Сын Цімоха Вострыкава стварае фільм пра бацьку
Ілля Вострыкаў, 29-гадовы сын дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Цімоха Вострыкава, мае намер зняць пра бацьку дакументальны фільм.
“Я цяпер збіраю фотаздымкі, успаміны, каб зрабіць дакументальны фільм пра бацьку. Свой лёс ён пражыў на карысць Беларусі, якой быў адданы цалкам. Хацелася б гэты фільм прысвяціць 90-годдзю стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі”, — сказаў Ілля Вострыкаў.
Гамельчукі праводзілі Цімоха Вострыкава ў апошні шлях 14 лістапада. Памёр ён напярэдадні, на 86 годзе жыцця, ад трэцяга інсульту.
За дзень да ягонай смерці дзяржаўны тэлеканал паказаў фільм “Агент дзвюх выведак”. У ім супрацоўнікі беларускіх спецслужб падавалі Вострыкава-старэйшага як чалавека, які працаваў і на амерыканскую, і на савецкую выведкі.
Але, як лічыць сын Ц. Вострыкава, ягонага бацьку проста імкнуліся выкарыстаць і сачылі за ім, па сутнасці, да канца жыцця. Адданы ж бацька быў, на думку сына, толькі Беларусі.
Фрагменты ўспамінаў Ц. Вострыкава з сынавага архіву: “Мяне часта выклікалі ў оперчасць, каб схіліць да напісання раскаяння, на што я не згадзіўся. Я ж — беларус, член ураду БНР”.
Нагадаем, што ў жніўні 1952 г. Ц. Вострыкаў як паўнамоцны прадстаўнік Рады БНР дэсантаваўся з амерыканскага самалёта ў Налібоцкую пушчу ў складзе “чацвёркі” дзеля арганізацыі нацыянальна-вызвольнага руху. Групу ў хуткім часе арыштавалі. Ц. Вострыкаў быў асуджаны Вярхоўным судом БССР “за здраду Радзіме са зброяй у руках” на 23 гады турэмнага зняволення. Пакаранне адбываў у лагерах Мардовіі.
Пасля вызвалення працаваў рабочым на “Гомсельмашы”.
Адзіны сын Вострыкава, Ілля, тры гады жыў у ЗША, потым — на Камчатцы. Некалькі гадоў таму вярнуўся ў Гомель. Ажаніўся. Жыве з жонкай у інтэрнаце. Працуе рабочым у адной з будаўнічых арганізацыяў.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|