Выйшаў насценны перакідны каляндар “Беларускія мясціны ў свеце”
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выпусціла насценны перакідны каляндар “Беларускія мясціны ў свеце” / Belarusian Places Around the World.
У каляндар уключаны фотаздымкі беларускіх цэркваў у Саўт-Рыверы, Брукліне і Рычманд-Гіле (усе — ЗША); Мар’ян-Хаус і Беларуская бібліятэка-музей імя Скарыны ў Лондане, беларускія цэрквы ў Адэлаідзе і Мельбурне (Аўстралія), курган-помнік у Саўт-Рывэры, Крыж у гонар Тысячагоддзя хрысціянства ў Беларусі ды інш. беларускія памятныя месцы.
Укладальнікі календара — Алег і Наталля Гардзіенкі — у прадмове да выдання зазначаюць: “Менавіта беларускія будынкі і помнікі, таксама як і раскіданыя па розных краінах могілкі нашых суайчыннікаў могуць быць яскравым сведчаннем беларускай прысутнасці ў свеце. Некаторыя з іх і склалі гэты каляндар. Найбольш моцнымі цэнтрамі прыцягнення беларусаў заўсёды былі цэрквы, менавіта таму іх засталося сёння ці не больш за іншыя будынкі. Частку з іх пабудавалі самі прыхаджане, іншыя былі набытыя і пераробленыя для беларускіх патрэбаў. Як памяць пра змагароў?беларусаў ставілі суайчыннікі ў ЗША, Канадзе і Аўстраліі адмысловыя помнікі…”
Змясціць усе беларускія мясціны ў 12 ілюстрацый было немагчыма. Таму ў каляндар адабраныя беларускія помнікі на Захадзе. Магчыма, выданне календара справакуе зацікаўленых асобаў і выйдуць асобныя календары, прысвечаныя Беларусі ў Польшчы, Вільні, краінах СНД.
Пытайце ў незалежных распаўсюднікаў (напрыклад, на knihi.net), а таксама пунктах продажу незалежнага друку.
Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|