Латвія спыняе выдачу бясплатных віз беларусам
З 21 снежня амбасада Латвіі спыняе выдачу бясплатных віз для грамадзян Беларусі ў сувязі з ўступленнем краіны ў шэнгенскую зону.
Пакуль на ўмовах узаемнасці латвійскія візы для беларусаў і беларускія візы для грамадзян Латвіі выдаюць бясплатна. А з 21 снежня за шэнгенскую візу беларусам давядзецца заплаціць 60 еўра.
“У рамках агульнай консульскай інструкцыі вызначаныя льготныя катэгорыі грамадзян, якім візы могуць выдавацца бясплатна. Але гэта – невялікая група людзей, у прыватнасці, дзеці да шасці гадоў, выкладчыкі, студэнты, навучэнцы, якія едуць у Латвію з навучальнымі мэтамі”, – паведаміла другая сакратарка па консульскіх пытаннях амбасады Латвіі Марыя Ягорушкіна. Паводле яе слоў, усе візы, якія выдаюць да 21 снежня, будуць сапраўдныя і пазней, але толькі на тэрыторыі Латвіі. А з 21 снежня амбасада пачне выдаваць шэнгенскія візы.
Нагадаем, 15 лістапада Еўрапарламент ухваліў уваходжанне ў зону Шэнгена з 21 снежня дзевяці новых краін – Чэхіі, Вугоршчыны, Мальты, Польшчы, Славакіі, Славеніі, Эстоніі, Латвіі і Літвы. Кантроль наземных меж з новымі краінамі шэнгенскай зоны будзе скасаваны аўтаматычна 21 снежня 2007 г., паветраных – 30 сакавіка 2008 г.
Паводле БелаПАН
|