Прапановы Eўразвязу Беларусі застаюцца ў сіле

Мінуў год, як была абвешчаная новая палітыка Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі. Прапановы Еўразвязу па-ранейшаму застаюцца ў сіле, гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Украіне і Беларусі. Еўразвяз прапанаваў значныя эканамічныя і гуманітарныя выгоды народу Беларусі ў выпадку, калі беларускія ўлады вызваляць палітвязняў, правядуць дэмакратызацыю выбарчай сістэмы.

Прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Украіне і Беларусі абнародавала заяву, у якой гаворыцца, што “Еўразвяз гатовы развіваць блізкія адносіны з Беларуссю і яе народам, як толькі беларускі ўрад прадэманструе павагу да дэмакратычных каштоўнасцяў і асноўных правоў беларускіх грамадзян”.

У заяве адзначаецца, што мінуў год, як Еўракамісія апублікавала дакумент “Што Еўразвяз можа даць Беларусі”. Беларусі прапаноўвалася паўнавартаснае партнёрства ў рамках Еўрапейскай палітыцы добрасуседства.

Размова ішла пра спрашчэнне паездак беларускіх грамадзян у Еўразвяз, магчымасць працаваць і вучыцца ў Еўразвязе, дадатковыя магчымасці для бізнесу і гандлю, а таксама дапамога Беларусі ў правядзенні рэформаў у галінах аховы здароўя і адукацыі, грамадскай адміністрацыі і мясцовага кіравання.

Наўзамен Еўразвяз патрабаваў вызваліць усіх палітвязняў, паважаць свабоду слова, медыяў і сходаў, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, расследаваць справы зніклых і паважаць правы меншасцяў.

Цягам году дэмакратычныя сілы Беларусі даводзілі да людзей інфармацыю пра прапановы Еўразвязу. Акцыя “Еўрапейскі марш” у кастрычніку была своеасаблівым адказам грамадскай супольнасці на прапановы Еўразвязу.

Адзін з арганізатараў “Еўрапейскага маршу” намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч лічыць, што гэта быў год маруднага асэнсавання беларускімі ўладамі неабходнасці і непазбежнасці эканамічнай інтэграцыі Беларусі з Еўразвязам: “Заявы пра гэта ўсё болей гучаць ад беларускіх чыноўнікаў. Іншая справа, што ўладатрымальнікі хацелі б атрымаць эканамічныя выгоды ад супрацы з Еўропай, нічога не робячы ў галіне дэмакратыі і рэфармавання эканомікі.

З аднаго боку маніфестацыі (Еўрапейскі, Сацыяльны маршы ды іншыя) былі дазволеныя, аднак не дазволеныя замоўленыя маршруты. Ёсць дэкларацыі пар гатоўнасць змякчыць рэпрэсіі, але палітвязняў не вызваляюць. Гэта пачатак перабудовы, калі разумець пад перабудовай жаданне паднавіць сістэму, не мяняючы яе па сутнасці”.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў