У Мінску адкрываецца выстава пра Галадамор
Выстава архіўных дакументаў савецкіх органаў дзяржаўнай бяспекі “Рассакрэчаная памяць” адкрыецца ў чацвер у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (вул. Карла Маркса, 12).
Яна прысвечана адной з самых трагічных старонак гісторыі ўкраінскага народу — Галадамору 1932–1933 гг.
Экспазіцыя створана па ініцыятыве Службы бяспекі Украіны сумесна з Украінскім інстытутам нацыянальнай памяці і Міністэрствам культуры і турызму гэтай краіны. З лістапада 2006 г. яна дэманстравалася ва ўсіх 24-х абласных цэнтрах і Рэспубліцы Крым, была паказана ў Маскве, а пасля Мінску накіруецца ў Славакію.
У экспазіцыю уваходзіць частка рассакрэчаных СБУ Украіны ў жніўні 2006 г. архіўных дакументаў савецкіх органаў бяспекі аб’ёмам 5 тыс. архіўных адзінак: загады, дырэктывы, дакументы тайнага справаводства, крымінальныя справы, статыстычныя дакументы, лісты сялян, чырвонаармейцаў, іншых слаёў насельніцтва.
Колькасць прамых і ускосных ахвяр Галадамору дакладна не ўстаноўлена. На думку гісторыкаў, гэта жахлівая лічба вагаецца ў межах ад 7 да 10 млн чалавек. Усяго ад голаду загінула 10% усяго насельніцтва Украіны, а таксама значная частка населенай украінцамі Кубані (разам з некаторымі рэгіёнамі Паволжа і Дона).
Генацыдам украінскага народу прызналі Галадамор некалькі краін: Эстонія, Канада, Аргенціна, ЗША, Вугоршчына, Літва, Грузія, Аўстралія, Польшча, Іспанія, Перу.
Паводле БЕЛТА
|