Завяршылася расследаванне другой справы Артура Фінькевіча
Амаль месяц знаходзіцца ў магілёўскім следчым ізалятары моладзевы актывіст Артур Фінькевіч, на якога завялі яшчэ адну крымінальную справу. “Расследаванне справы завяршылася, Артур з ёй азнаёміўся, цяпер справу перадалі ў пракуратуру і праз колькі дзён перададуць у суд”, — паведаміла адвакат Фінькевіча Ганна Рыбалка.
Паводле адваката, А. Фінькевіч прызнае сваю віну часткова. Пра ягоную віну сведчаць вынікі экспертызы. “З імі не паспрачаешся”, — кажа адвакат.
Максімальнае пакаранне, якое пагражае хлопцу, — тры гады калоніі, але адвакат спадзяецца, што суд абмяжуецца меншым тэрмінам. “Можа, дадуць сем месяцаў ці крыху болей”, — кажа Ганна Рыбалка.
Следчы Аляксандр Ліскавец, які вёў справу А. Фінькевіча, ад каментару ўстрымаўся.
Нагадаем, А. Фінькевіча, які адбываў “хімію” ў Магілёўскай спецкамендатуры, затрымалі 26 кастрычніка. Актывіста абвінавацілі ў парушэнні рэжыму адбыцця пакарання.
У якіх умовах трымаюць вязня? Паводле актывісткі Касі Галіцкай, на ўмовы А. Фінькевіч ня скардзіцца. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў камеры, дзе разам з ім шэсць чалавек, харчаванне нармальнае, атрымлівае карэспандэнцыю.
Актывіст паведаміў свой адрас, на які прапануе дасылаць яму лісты: “Лісты яму можна пісаць, ён іх атрымлівае. І нават, наколькі мне вядома, яму можна дасылаць невялічкія бандэролі. Ягоны адрас такі: Магілёў, вуліца Крупскай 9-а, следчая турма №4”.
Першае пакаранне, два гады “хіміі”, А. Фінькевіч атрымаў за графіці палітычнага зместу. Суд прызнаў яго вінаватым у напісанні слова “Дастаў!” ды іншых, якія з’явіліся ў Мінску за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. На “хіміі” А. Фінькевічу заставалася адбыць паўтара месяца. Яго некалькі разоў каралі за парушэнне рэжыму. З некаторымі пакараннямі актывіст быў не згодны, але аспрэчыць іх не ўдалося.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|