У Мінску праходзіць выстава ўнікальных старадрукаў
Найстарэйшы экспанат – Евангелле з 1575 года.
Выстава “Выданнi вiленскiх друкарняў ХVI – першай чвэрцi XX стагоддзя” адкрылася ў бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук у панядзелак і мела быць толькі 4 дні. Але шалёны інтарэс наведнікаў вымусіў арганізатараў працягнуць яе да канца лістапада.
Зладжаная выстава ў супрацы з бібліятэкай Літоўскай акадэміі навук – са 121 старадрука літоўцы прывезлі ў Мінск 41.
Самы стары экспанат – Евангелле 1575 г., надрукаванае Пятром Мсціслаўцам. Вырабленая яно на адмысловай паперы з вадзянымі знакамі і захавалася ў добрым стане. Адметна, што на палях кнігі засталіся рукапісныя надпісы таго часу – манах Яўхім пазначыў, што ён “дорыць гэтую кнігу царкве, каб бацюшка маліўся за яго пры жыцці і пасля смерці”, а таксама напісаў, што ён “чытаў гэтую кнігу з жахам і прыдыханнем, нібы перад самім Хрыстом і ягоным Прастолам”.
Іншыя кнігі таксама аздобленыя самымі разнастайнымі надпісамі, у асноўным гэта экслібрысы. Некаторыя з іх – унікальныя, напрыклад, экслібрыс Максіма Гарэцкага, які класік зрабіў ад рукі, альбо таўро Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў.
Акрамя кніг, на выставе можна пабачыць арыгіналы “Нашай Нівы” пачатку ХХ ст., а таксама розныя календары таго часу, багата аздобленыя вершамі Цёткі, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы... Адметнасць у тым, што тады нашы клысякі былі, як кажуць, зусім “маладыя літаратары”... Асобная цікавінка – рэклама той пары на календарах і ў газетах. З яе можна даведацца, напрыклад, што ў Мінску “адкрыўся новы бар-рэстаран, дзе на ўсё ёсць зніжкі”, альбо што “рэдакцыя “Нашай Нівы” набудзе 80 метраў дроту для праводкі радыё”.
Ёсць на выставе і кнігі са славутай друкарні Марціна Кухты, у тым ліку і арыгінал “Вянка” Максіма Багдановіча. На сённяшні дзень у Беларусі захавалася толькі 7 асобнікаў гэтай кнігі, а ва ўсім свеце вядома 23.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)
|