У Беларусі зніклі два Фаніпалі
За 9 месяцаў 2007 года насельніцтва краіны зменшылася на 18,8 тысяч чалавек.
Міністэрства статыстыкі Беларусі падлічыла, што за 9 месяцаў гэтага году насельніцтва Беларусі скарацілася на 18 тыс. 800 чалавек. Каб зразумець, што гэта такое ў маштабе краіны, можна параўнаць, што гэта два такія гарады, як Фаніпаль.
Разам з тым міністэрства адзначае станоўчую тэндэнцыю: за такі ж перыяд мінулага году ў краіне нарадзілася на 6 тысяч чалавек меней, а памерла на 3800 болей. То бок, нараджацца дзяцей стала больш, а паміраць меней.
На сённяшні дзень насельніцтва Беларусі складае 9 мільёнаў 695 тысяч 700 чалавек. Хаця школьныя падручнікі па геаграфіі і дзённікі дагэтуль вучаць дзяцей, што беларусаў 10 млн. 200 тыс. чалавек.
Міністэрства статыстыкі назвала і іншую жудасную лічбу: за 6,5 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася на 322 тысячы чалавек – гэта па колькасці такі горад, як Брэст.
Паводле прагнозаў ААН, да 2050 г. насельніцтва рэспублікі складзе ўсяго 6,9 мільёна чалавек. У тым жа прагнозе гаворыцца, што беларусы будуць старыцца. Цяпер сярэдні ўзрост па краіне – каля 38 год, да сярэдзіны стагоддзя ён складзе 49 год.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)
|