Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень будзе прэзентаваны ў Гродна

У Гродне працягваецца распачатая рухам “За свабоду” “Гродзенская восень прэзентацый”. 21 лістапада сваю працу “Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень” будзе прэзентаваць гродзенцам даследчык і публіцыст Уладзімір Хільмановіч. Арганізацыйную працу ў выданні гэтай кнігі аказала МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Унікальны беларускі каляндар-даведнік пабачыў свет у Вільне. Яго канцэпцыя простая – ён прыдатны на кожны каляндарны год. Гэта – славутыя і трагічныя даты беларускай гісторыі, адметныя падзеі і з’явы, дні нараджэння і смерці айчынных дзяржаўна-палітычных, рэлігійных і культурных дзеячаў, знакамітых людзей, якіх звязаў лёс з беларускай зямлёй і тых, што апынуліся за межамі роднай краіны, асобаў, што ў розных сферах праславілі Беларусь, паўстанцаў розных нацыянальна-вызваленчых чынаў і сціплых малавядомых рупліўцаў беларушчыны, імёны якіх, на жаль, яшчэ не змяшчаюць энцыклапедычныя выданні.

Пачатак прэзентацыі – 18.30, вул. Будзёнага 48а-44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы), уваход вольны.

Паводле Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)

‹‹ на галоўную | у архіў