Канстанцін Тызенгаўз вярнуўся ў Жалудок

18 лістапада на касцёле ў Жалудку Шчучынскага раёна ўрачыста адчынена памятная шыльда ў гонар заснавальніка беларускай арніталогіі Кастуся Тызенгаўза. Мясцовыя ўлады адмовіліся ад сумеснага ўдзелу ў імпрэзе, а з тутэйшых людзей, нават старэйшага ўзросту, амаль ніхто нічога не ведаў пра радаслоўную Тызенгаўзаў.

У скляпеннях касцёлу спачываюць рэшткі большасці Тызенгаўзаў, але тут няма рэшткаў К. Тызенгаўза, які быў народжаны і пахаваны ў Жалудку (1786-1853 г.г.).

Ксёндз Ян адкрыў шыльду ў гонар К. Тызенгаўза і распавёў, што да іх прыехалі людзі з усёй Беларусі, каб распавядаць мясцовым жыхарам аб вялікім вучоным, які нарадзіўся ў Жалудку. Ён з жалем заўважае, што тутэйшыя людзі не маюць часу на тое, каб чытаць кніжкі.

Шыльда выканана з чырвонага граніту ў Польшчы па эскізе гарадзенца Ігара Варкулевіча на заказ гарадзенскіх арнітолагаў. Зм. Вінчэўскі, паведаміў, што сродкі на ўсталяванне збіралі не толькі аматары птушак Беларусі, але і многіх еўрапейскіх краінаў. Ён згадвае, што яе планавалі ўсталяваць яшчэ летась да 220-годдзя нараджэння вучонага, але не атрымалася.

Пасля адкрыцця шыльды ксёндз запрашае людзей у касцёл, каб яны паслухалі лекцыю пра гісторыю роду Тызенгаўзаў.

Загадчык кафедры агульнай экалогіі БДУ Васіль Грычык распавёў прыхаджанам пра К. Тызенгаўза і значэнне ягонай асобы для беларускай навукі: “Справа ў тым, што якраз у працах Тызенгаўза мы знаходзім канкрэтныя звесткі пра тое, якой была прырода Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Тое, што ён зафіксаваў у сваіх працах, зараз як цэлы сапраўдны клад. Мы можам гэта супастаўляць з тым, што ёсць зараз і рабіць канкрэтныя навуковыя вывады”.

Адзін з арганізатараў урачыстасці гарадзенскі арнітолаг, Зміцер Вінчэўскі, распавёў акалічнасці смерці К. Тызэнгаўза і дзе зараз пахаваны вучоны: “Нядаўна высветлілася, што ягоныя парэшткі з Жалудка перавёз ў Ракішкі (адзін з маёнткаў Тызенгаўзаў зараз на тэрыторыі Літвы) ягоны сын. І зараз К. Тызенгаўз пахаваны ў касцёле святога Мацвея ў Літве на мяжы з Латвіяй”.

Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)

‹‹ на галоўную | у архіў