Вялікае Княства Літоўскае. Хутка юбілей.

У літоўскай амбасадзе ў Мінску працуе выстава мастацкіх работ, прысвечаных Вялікаму Княству Літоўскаму. У праекце “Літва і ўсходнія суседзі: дыялог у выяўленчым мастацтве” бяруць удзел мастакі з Літвы, Беларусі і Украіны. Яны прэзентуюць свае творы, якія адлюстроўваюць гістарычныя постаці і падзеі часу Вялікага Княства Літоўскага.

У выставе бярэ ўдзел мастак, кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін: “Выстава знаходзіцца ў Амбасадзе Літвы, доступ туды абмежаваны. Трэба загадзя дамаўляцца, каб паглядзець на яе.

20 лістапада выстава перамесціцца ў Кіеў, там яна будзе ў адкрытым доступе, бо там іншая палітычная сітуацыя. А ў нас арганізатары ведалі, што не атрымаецца наладзіць выставу ў прэстыжнай залі. Пасля Кіеву выставу мяркуецца адправіць у Варшаву.

Выстава ініцыяваная і рэалізаваная мастаком Раймондасам Савіцкасам. Гэта актуальны і унікальны праект. Я ў яго межах паказаў напісаны яшчэ ў 1980 г. партрэт “Вітаўт Вялікі”. А ў жніўні я быў запрошаны на мастацкі пленэр у Трокі пад умоўнаю назваю “Мастакі – Вялікаму Княству Літоўскаму”, нашай агульнай гісторыі. На гэтым пленэры я напісаў партрэт, прысвечаны Гедыміну, а таксама партрэт Багуслава Радзівіла. Апошнія ўладанні Багуслава Радзівіла – Смалявічы м Жодзіна. Тады гэтыя мясціны называліся Багуслава Поле. Дзякуючы нашым з выдаўцом Уладзімірам Сіўчыкавым намаганням, мясцовыя ўлады Жодзіна прынялі рашэнне ўшанаваць гістарычную памяць гэтых мясцінаў. Прынятае рашэнне святкаваць юбілей, адну з вуліц назвалі Багуслава Поле.

А ў Літве ўжо рыхтуюцца да 1000-годдзя Вялікага Княства Літоўскага. Нам таксама час падумаць пра святкаванне гэтай даты”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (http://www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў