Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. Зборнік да 75-годьдзя Адама Мальдзіса

У Мінску выйшаў зборнік пад назвай “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе” да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса. У Беларусі пакуль слаба прадстаўлена традыцыя выдання кніг у гонар навукоўцаў, якія актыўна працуюць. Гэта кніга імкнецца запоўніць прабел.

Кніга выдадзеная ў фармаце зборніка артыкулаў, напісаных з нагоды юбілею прафесара Мальдзіса, бібліяграфічных матэрыялаў і навуковых даследаванняў. Чытачу прапануецца багатая палітра матэрыялаў. Зборнік падзелены на пяць сэнсавых частак: “Maldzisiana”, “Старажытная Беларусь”, “Беларусы ў ХІХ ст.”, “Беларусь у ХХ-ХХІ ст.”, “Diaspora”. Артыкулы надрукаваныя на беларускай, рускай, польскай, літоўскай, ангельскай, нямецкай мовах. Сярод аўтараў: Анатоль Грыцкевіч, Уладзімер Конан, Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Андраш Золтан і Эльжбэта Смулкова, ды іншыя усяго каля 50-ці аўтараў. Рэдактарамі выдання выступілі мовазнаўца Сяргей Запрудскі, філолаг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута і гісторык Захар Шыбека.

Па словах С. Запрудскага, у Беларусі няма традыцыі выдаваць кнігі ў гонар аўтараў, якія на цяперашні момант актыўна працуюць. Заўсёды пераважаў “мемарыяльны” падыход: друкуюцца працы, прысвечаныя юбілеям вядомых асобаў – Скарыны і Міцкевіча, Пушкіна і Караткевіча ды іншых, але тых, хто ўжо не жыве. Але і сярод дзейных беларускіх навукоўцаў таксама ёсць тытаны духу. Адзін з іх – Адам Мальдзіс.

Паводле словаў іншага рэдактара А. Фядуты, ідэя падрыхтоўкі зборніка ўзнікла на пачатку гэтага году сярод невялічкага кола ягоных прыхільнікаў і чытачоў, таму што беларускі навуковец Адам Мальдзіс – гэта знакавая постаць для Беларусі.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў