“Беларускія народныя казкі” выйдуць на 10 дысках
Лідэр гурту “Палац” і вядучы радыёверсіі гіт-параду “Тузін Гітоў” Алег Хаменка ўзяўся за праект “Беларускія народныя казкі”. Наклад першай часткі гэтага грандыёзнага праекту быў раскуплены, а ўвесь ён – на 10 дысках – мае пабачыць свет пасля Каляд.
Гэты праект “Новай музычнай кампаніі” распачаўся вясною 2007 г. Галоўнай мэтай была спроба данесці ў блізкім да першапачатковага выглядзе (не рэдагаваныя пісьменнікамі) беларускія казкі з усіх куткоў Беларусі. Ужо даволі даўно адзначалася, што беларускія казкі цікавей слухаць, чым чытаць. Таму неабходнасць гэтага праекту была відавочнай. Увесь праект быў падзелены на тры часткі, як звычайна дзеляць казкі этнографы: “Казкі пра жывёл” (3 CD), “Чарадзейныя казкі” (4 CD), “Сацыяльна-бытавыя” (пра жыццё, 3 CD).
Першапачатковая назва праекту была “Беларускія народныя казкі чытае Алег Хаменка”. Але, гэтая назва змянілася з пачаткам працы над другой часткай – “Чарадзейныя казкі”, калі была запрошаная да ўдзелу вядомая артыстка размоўнага жанру, казачніца, кіраўнічка ансамблю “Калыханка” Ларыса Рыжкова. Трэцяя частка праекту пачалася з удзелам знакамітай тэлевядучай і пісьменніцы Тамары Лісіцкай.
У выніку першая частка праекту з’явілася ў продажы летам 2007 г. І на сёння, як сведчаць прадстаўнікі НМК, атрымала другое выданне. Другая частка з’явілася ў продажы толькі зараз – у лістападзе. Увесь праект плануецца выдаць пасля Каляд. Аднак зараз існуе новая прапанова, самыя “непісьменныя, чорныя казкі” (крадзеж, забойства, папы-п’яніцы, гвалтаванні, “не вельмі нарматыўная” лексіка) аб’яднаць у дыск “Беларускія народныя казкі для дарослых”. Аднак канчатковы матэрыял пакуль не запісаны.
Самыя няўдалыя моманты запісу адной з казак аб’ядналіся ў кароткі трэк “Злая казка”, які атрымаўся даволі смешным. Спампаваць яго можна на сайце palac.org
Паводле “Тузіна Гітоў” (music.fromby.net)
|